Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 346
Васіль Быкаў
Схадзіў у рэдакцыю, да рэдактара В. Булая, — усё ж у войска мяне прызвалі з гэтай установы. Але Булай быў чалавек новы, а вольных месцаў у рэдакцыі не было. Зазірнуў у аддзел культуры, дзе літкансультантам працаваў Міхась Васілёк. Там зноў пабачыў Ірыну Сувораву, якая прыветліва павіталася. Васілька не застаў на працы.
Аднойчы прыйшоў з працы муж Веры — Павел Старавойтаў — і кажа: вызвалілася кватэра ў старым доме на вул. Трудавой, гаспадар паехаў працаваць на раён. Трэба займаць, а там хадайнічаць, каб замацавалі. Так я і зрабіў. Увечары перанесьлі два чамаданы і малога на тую ўбогую кватэру. Але не пражылі там і тыдню, як прыйшлі з домакіраўніцтва: самавольнае ўсяленьне! Хто дазволіў? Асвабадзіць! — Куды асвабадзіць? На двор з малым?
Празь дзень прыходзяць ужо ўдвох — аказваецца, тая кватэра належала КДБ. Патрабуюць вытрахнуцца, пагражаюць. Пацягнулі да начальства і Старавойтава.
Яшчэ паўпарціўся з тыдзень і зразумеў, што маёй перамогі ня будзе. Знаёмы мастак падказаў, што ёсьць вольны пакой у сябра па вул. Падгорнай. Перайшоў туды.
Пайшоў у майстэрню да мастакоў, там яшчэ былі знаёмыя. Марозаў, праўда, зьехаў у Кіеў, затое былі Пушкоў, Парахня, Кох. Кох ужо пасьпеў пасядзець у лягэрах, у Комі — за тое, быццам ён у вайну маляваў карыкатуры на Сталіна. На працу мяне не прынялі, таксама не было вакансій, але далі аформіць нейкі стэнд — шрыфтавая работа. Сядзеў у сваёй халоднай кватэры (дроў не было, вады не было), лобзікам выпільваў з фанэры літары і слухаў радыё. Адзначаліся ўгодкі Дастаеўскага. Здаецца, упершыню загаварылі пра яго як пра вялікага рускага пісьменьніка. Значыць, прызналі нарэшце.
Тады ж давялося пачуць і шмат якія перадачы Радыё Свабода, Бі-Бі-Сі, Голас Амэрыкі. Было дужа цікава. І — вядома, страхотна. Радыё рэгуляваў, каб нічога не было чутна ў суседзяў.
Неяк сустрэў на вуліцы А. Салаўёва, намесьніка рэдактара газэты. Кажа: зайдзі, ёсьць праца. Зайшоў. Прынялі. Зноў трохі папрацаваў у карэктарскай, а пасьля перайшоў у сакратарыят. Адказным сакратаром быў А. Колас, выпускаючым — усё той жа знаёмы Георгій Цьвятніцкі. Побач за сталом працаваў мастак-рэтушор, былы кінаапэратар Фрыдрыхсон. Во ў такім калектыве пайшлі дні і тыдні газэтнай пільніцы. Я вычытваў (як стыліст) матэрыялы, што паступалі з аддзелаў, і рыхтаваў увесь «белтаўскі» матэрыял, што перадавалі зь Менску па тэлетайпе.
Перазімаваўшы, па вясьне перайшоў на новую кватэру — адзіную каморку ў доме па вул. Ажэшка (насупраць Дому афіцэраў) з выхадам на тратуар. Зімой напісаў апавяданьне «Страта» — зноў пра вайну. Паслаў у Менск, «Маладосць» надрукавала. З гэтага часу, лічу, пачалася мая сталая літаратурная творчасьць.
У сьнежні Саюз пісьменьнікаў запрасіў на нараду-сэмінар маладых, што праводзіўся ў Каралішчавічах. Паехаў зь вялікай ахвотай і надзеяй, хоць літаратурны багаж мой быў небагаты. На сэмінары пазнаёміўся са старэйшымі — Я. Брылём, І. Мележам, І. Грамовічам. З маладых сэмінарыстаў былі В. Адамчык, А. Капусьцін, Я. Каршукоў. Вельмі карысны быў сэмінар — у сэнсе знаёмства і абмеркаваньня. Першая мая літаратурная школа.