Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 345
Васіль Быкаў
А вясной, як сышоў сьнег, пачаліся таёжныя пажары. Гарэў лес, елкі, піхты, гарэлі нарыхтаваныя зімой штабялі. Ледзь ня круглыя суткі тушылі, але затушыць было немагчыма. Як падзьме вецер, зноў разьдзьмувае пажар…
Вясной 1955 году споўнілася пяць гадоў маёй службы на Далёкім Усходзе, і я атрымаў права на замену. Для таго напісаў рапарт аб пераводзе ў Беларускую ваенную акругу. Звычайна служыць у Беларусі аматараў было няшмат, бальшыня імкнулася на Украіну, у Закарпацьце, у Прыбалтыку. Я ж — у Беларусь. І праўда, у пачатку восені прыехаў капітан мне на зьмену. Я пачаў разьлічвацца. Гэтая працэдура цягнулася доўга — пакуль здаў усю маёмасьць, зброю. Неяк так сталася, што не хапіла кулямёту. Ніхто нідзе не губляў нічога, а тут значыўся паводле палкавога ўліку нейкі кулямёт. Давялося начарту ставіць бутэльку каньяку, каб падпісаў абхадны ліст.
На гэты раз ляцелі да Хабараўску самалётам, а адтуль [ехалі] цягніком да Масквы. Тады ж упершыню пабачыў Маскву, цэнтар, вул[іцу] Горкага. Накіраваньне было ў Асіповічы, у армейскі артполк начальнікам дывізіёну 152мм гармат. Ехаў і думаў: мабыць, нічога ня зробіш, прыйдзецца служыць. Ужо быў згодны. Тым больш на роднай Беларусі. Той артполк, аказваецца, разьмяшчаўся пад Лапічамі, у старых, царскіх часоў, казармах.
Як звычайна, далі два дні на кватэрнае ўладкаваньне, знайшоў палову хаты ў суседняй вёсцы. Хадзіць у часьць трэба было недалёка — цераз поле. Праз пару тыдняў, аднак, далі адпачынак, у якім ня быў некалькі гадоў.
З малым трохгадовым Сярожкам паехалі на маю радзіму. Да станцыі Зябкі. Брат Мікола загадзя пад’ехаў на фурманцы. Была ўжо восень, імжэў дожджык, навокал буяў лістапад. Сабралася ўся сямейка: бацька, пастарэлы, але яшчэ бадзёры, ціхмяная мама, сястра Валечка, што рабіла рахункаводкай у Чарапоўшчыне, брат Мікола — падрослы дзяцюк. У нядзелю схадзіў у Кублічы, на месцы некалі сымпатычнага мястэчка — зачатак вёскі, раскіданыя па пагорках сядзібы. Амаль такая ж і Вушача. Людзі, аднак, патроху абжываліся, будавалі дамы, нараджалася і ўбіралася ў сілу новае пакаленьне.
Як прыехаў з адпачынку, быў ашаломлены навіной — паслалі на звальненьне. Якраз праводзілася скарачэньне войскаў — 660 тысячаў, першае хрушчоўскае скарачэньне. Што ж, я не хваляваўся. Цяпер у Беларусі, тое не палохала. Хаця праблемаў было нямала.
Жонка з сынам паехала ў Гародню — да свае сястры Веры, якая за той час, як мы былі на Далёкім Усходзе, выйшла там замуж. Я застаўся ў Лапічах чакаць загаду.
Загад прыйшоў у самым канцы году, атрымаў разьлік і паехаў у Гародню.
Жончына сястра жыла з мужам і малой дзяўчынкай у аднапакаёвай кватэры каля рэстарану «Нёман». Муж працаваў у органах, што для мяне, вядома, стала дзіўнаватай навіной. Неяк разьмясьціліся — дзьве сям’і, шэсьць чалавек на 18 кв. метрах. Стаў на ўлік у гарваенкамаце. Пачаў атрымліваць [грошы] (1 год) за званьне.