Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 344
Васіль Быкаў
У пачатку зімы прыбыў у раённы гарадок Долінск, што ў паўднёвай частцы Сахаліну. Далі кватэру — пакойчык у кватэры нампаліта камандзіра батарэі. Казармы праз кілямэтар на пагорку. Ад вайсковага гарадку да гораду кілямэтры тры па дарозе. Жонка хутка ўладкавалася ў гарадзкую школу — усё настаўніцай расейскай мовы і літаратуры. Сярожу ўзялася на паўдня даглядаць суседка.
Служба ў гэтым палку, аднак, пачалася з канфлікту. Мяне арыштавалі на 10 сутак з утрыманьнем на гарнізоннай гаўптвахце. За адмову выканаць загад. А загад быў такі: зь дзесяцьцю салдатамі адправіцца ў гарнізонны пасёлак (кілямэтраў за 50), прыняць дрывяны склад і ахоўваць яго. Дровы ўсе пад сьнегам, колькі іх — не палічыш. Казалі людзі, іх там палавіну прапілі ранейшыя ахоўнікі разам зь інтэндантамі, якія па замене зьехалі на мацярык. Як я мог прыняць? Як ахоўваць? І як пасьля здаваць? І я заўпарціўся.
Тая ўпартасьць мне ж і вылезла бокам. На гаўптвахце пачаліся праблемы з сэрцам. Зноў захварэў. Колькі дзён недаседзеў, выпусьцілі. Але ўсё ж загналі на той склад, дзе прагібеў за гарой у лясной хатцы месяцы два.
Вярнуўшыся, зноў падаў рапарт аб звальненьні ў запас.
Рапартаў аб звальненьні я падаваў яшчэ некалькі. Звычайна на іх ніхто апроч маіх непасрэдных начальнікаў не адказваў. Аднойчы напісаў маршалу Маліноўскаму, як дэпутату Вярхоўнага Савету па Далёкім Усходзе. Празь які месяц клічуць у штаб дывізіі. Пехатой патопаў у Долінск. Памятаю, быў глыбокі сьнег, дзьмуў насустрач марозьлівы вецер. Ішоў і думаў, што, мабыць, мой рапарт дамогся нейкага рашэньня. Аж маёр у аддзеле кадраў нудна і доўга мне тлумачыў, якія каварныя ворагі — англа-амэрыканскія
імпэрыялісты і якія мы павінны быць пільныя. Служыць Радзіме. Чаго ён мне і пажадаў.
Тою зімой здарылася няшчасьце — згарэла казарма нашага дывізіёну.
Зь людзей ніхто не загінуў, але згарэла шмат маёмасьці, зброі, радыёстанцыі. Тое здарылася ноччу, як батарэя была ў нарадзе. Нас, камандзіраў, хацелі судзіць трыбуналам, але толькі звольнілі камандзіра палку. У мяне ж склаліся неблагія адносіны з камандзірам дывізіёну падпалкоўнікам Дзятлавым, спакойным, граматным афіцэрам. Дзеля яго я таксама мусіў старацца, стрэльбы (марскія) батарэя правяла добра, я страляў цяжкую задачу, але выканаў на 4. Неяк пачала выроўнівацца, спакайнець і служба.
Здаецца, два зімовыя месяцы батарэя была ў дальняй камандзіроўцы на нарыхтоўцы лесу. Гэта была жахліва цяжкая праца. Трэба было падняцца на сопку (а сьнег вышэй каленяў), адкапаць дрэва, сьпілаваць яго, раскрыжаваць. І не адно, а дрэваў пяць-шэсьць за дзень — на салдата. Пасьля гэтыя бёрны волакам сьцягнуць уніз, да дарогі, дзе можна было пагрузіць на машыну. Машынамі дастаўлялі на станцыю, грузілі там на плятформы. Дроў трэба было нямала, план не выконвалі, салдаты выбіваліся зь сілы.