Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 343
Васіль Быкаў
Аказалася, з 25 паперак у 18 былі крыжыкі. Усе былі ашаломленыя. Але кожны лічыў, што ён паставіў прочырк. Між іншым, членаў КПСС з нас таксама было 18…
На грузавым судне дабраўся да Кунашыру. Па дарозе з радыё пачуў аб арышце Берыі. Дзіва было вялікае. Верны сталінец — і агент трох разьведак. Які ж з таго прапанаваўся вывад? А ўсё той жа: пільнасьць трэба мацаваць! Калі ўжо ў Крэмль забраўся агент, дык што ж тады казаць пра аддаленыя гарнізоны!
Мусіць, так яно і было зразумета адпаведнымі органамі. Мацавалі пільнасьць, мацавалі абарону.
Вярнуўшыся ў полк, застаў яго ўвесь на будоўлі. Вярхоўнае начальства рашыла збудаваць на Кунашыры вайсковы аэрадром для зьнішчальнікаў. Каб ужо зусім закрыць межы на замок.
Мая батарэя працавала ў сопках кілямэтраў за пятнаццаць ад пасёлку. Пракладвалі дарогу, раўнялі сопкі, церабілі тайгу. Усю працу было заплянавана скончыць да зімы. Але адна справа — плянаваць у штабах, і другая — будаваць. Плян не выконваўся.
Зноў — начальства, нарады, вымовы, камісыі. Сьцюжа, макрэдзь, жыцьцё ўпрогаладзь. Па тыдні не зьнімаеш шынэля. Спалі ў палатках.
І тут настала другая фаза ў жыцьці нашага войска — яно пачало скарачацца. Прыйшоў загад аб расфармаваньні палку. Расфарміроўвалі паступова. Некуды перадавалі салдатаў, тэхніку. Афіцэры разьяжджаліся па адным. Усімі распараджаўся Сахалін. На мяне, аднак, загаду не было. Ужо і камандзір батальёну паехаў, і камандзір палку. А я ўсё зь невялікай групай салдатаў дарабляю аэрадром. Урэшце перадалі некуды і апошніх салдатаў. Ужо канчаецца восень, хутка спыніцца навігацыя, і тады застануся адзін у гарнізоне? Урэшце мы засталіся ўдвох: я і начальнік штабу палку, ён падрахоўваў ліквідацыю палку. А загаду ўсё няма, і тады ён кажа: «Плюй на загад, Быкаў, жыцьцё даражэй за загад. Заўтра я еду ў Паўднёва-Курыльск, праз колькі дзён будзе апошні параход на мацярык. Зьбірайся, паехалі».
І праўда, паехалі. У Паўднёва-Сахалінску, аднак, трэба было чакаць. І тут я атруціўся ў сталоўцы нейкай рыбай, паклалі ў шпіталь. Ледзьве ня даў дуба. Праляжаў з паўмесяца. Праўда, на апошні параход усё ж пасьпеў. Прыйшлі ва Уладзівасток. Усё на тую ж Другую Рэчку. Тут усё было як і тры гады таму. Маса афіцэраў зь сем’ямі. Усе чакаюць прызначэньняў. А іх даюць з такой марудаю.
Месяц прасядзеў на Другой Рэчцы. Захварэў сын Сярожа, ляжалі з маці ў пасялковай больніцы. Я часам езьдзіў ва Уладзівасток. Часам узлазіў на сопкі над горадам. Туга вялікая панавала ў маім сэрцы — навошта я тут? Чаму я ня дома? Дзе мой мілы няшчасны дом? Навошта мне гэтыя зьдзічэлыя сопкі, гэтая тайга? Гэтыя вар’яцкія вайсковыя гулі?
Вайсковыя гулі, аднак, разьвіваліся паводле сваіх бюракратычна-вайсковых правілаў. Празь месяц кадравікі ў штабах разабраліся, што загад па мне быў аддадзены яшчэ ўлетку, па заканчэньні курсаў. І што я павінен быў адправіцца служыць на Сахалін, у горад Долінск, дзе кватараваў гаўбічны артполк. Каб даведацца пра тое, спатрэбілася паўгоду часу і два марскія падарожжы, пры адным напамінку аб якіх цягне на ваніты. Але што зробіш? Трэба было ехаць у порт і рыхтавацца да новага падарожжа.