Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 342
Васіль Быкаў
Жонка з сынам заставаліся ў палку.
Яшчэ зь некалькімі афіцэрамі палку скіравалі на Сахалін.
Была позьняя восень, ішлі на вайсковым старажавіку, мора шалела. Мы не жывыя і ня мёртвыя ляжалі ў твіндэку, стараючыся толькі ўтрымацца за жалезныя прэнты ложкаў — так кідала з борту на борт. Ад марской хваробы сьвет быў нямілы, здавалася, раней сканаем, чым патонем. А патануць быў шанец, маракі пасьля самі казалі, што не спадзяваліся прыйсьці ў Карсакаў. Назаўтра ўбачылі: усе палубныя збудаваньні абмерзьлі глыбамі лёду, судна магло перакуліцца. Але неяк Бог нас зьбярог. Дабраліся нарэшце да Паўднёва-Сахалінску, сталіцы тутэйшага краю.
Зноў жыцьцё ў казарме, строгі распарадак дня, увесь дзень — вучоба. У клясах, у полі, на пляцы. Бясконцыя пастраеньні, пачынаючы з ранішняй зарадкі. Афіцэры ў групе ўсе франтавікі, пераросткі для сваіх невялікіх чыноў. З вайсковых навук самая нялёгкая і самая патрэбная — тэорыя артылерыі, артстралковая падрыхтоўка. Да звычайных артылерыйскіх задачаў па стральбе тут дадаваліся яшчэ — марскія стрэльбы, упраўленьне агнём на вайсковых суднах. Справа гэтая дужа мудрагелістая, патрабавала спрытнага розуму і глыбокіх здольнасьцяў у матэматыцы. Здаецца, у мяне нічога з таго не было, тым ня менш сталася так, што я апынуўся ці ня самым першым у сваёй групе. Скончыў курсы круглым выдатнікам (усё на 5), па артстралковай на экзамэнах выконваў самую складаную артылерыйскую задачу — стральбу па рыкашэтах. Таксама на 5.
Але яшчэ трохі раней, у сакавіку, адбылося здарэньне, якое так шмат значыла ў нашым лёсе. Я маю на ўвазе сьмерць Сталіна. Якраз у нас былі заняткі па артылерыі, якія вёў наш любімы выкладчык — матэматык, падпалкоўнік Емяльянаў. Нехта яго паклікаў у калідор. Хутка вярнуўшыся, падпалкоўнік з каменным тварам аб’явіў:
«Памёр таварыш Сталін. Устаць!». Усе ўсталі, моўчкі ўзіраючыся ў барадаты твар падпалкоўніка, і я сказаў сабе ў думках: «Слава табе, Госпадзі». Усе, аднак, тую навіну выслухалі моўчкі, ніхто не заплакаў. Былі абыякава-стрыманыя і пасьля на перапынку. Пачаліся траўрныя пастраеньні, мітынгі, палымяна-жалобныя прамовы палітначальства ды яго падбрэхачаў. Курсанты-афіцэры маўчалі. Мы адчувалі, што нешта павінна зьмяніцца, і прагнулі, каб зьмянілася ў лепшы бок. У горшы ўжо не было куды.
У пачатку лета, пад канец курсаў група чалавек з 25 сядзела ў полі каля дарогі. Заняткі праводзілі самастойна. Таму скончылі раней часу. Сядзелі, гаварылі. Гаворка зайшла пра сэксотаў, усе пагаджаліся, што, як і ўсюды, у нас былі сэксоты. Але колькі? Меркавалі, чалавек пяць. Іншыя сьцьвярджалі: палавіна. Тады нехта прапанаваў напісаць паперкі і кінуць у шапку. Хай сэксоты зробяць метку-крыжык, а іншыя — прочырк. Так і зрабілі. Ананімнасьць была захаваная. Пасьля разгарнулі паперкі.