Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 341
Васіль Быкаў
У канцы году мяне падвысілі — перавялі ў штаб палку да начальніка артылерыі падпалкоўніка Еўдакімава. Там я зрабіўся старшым ад’ютантам артылерыі — начальнікам штабу. На мяне леглі ўсе папяровыя справы — планаваньне, справаздачнасьць баявой падрыхтоўкі, арганізацыя артстралковай вучобы афіцэраў артылерыі. Увогуле гэта было спакайней і прыемней, чым сядзець зіму ў дымных зямлянках і прымаць начальства ды правяраючых са штабоў. Але тут зьявіліся свае праблемы. Шмат турбот патрабавала абсурдная сакрэтнасьць; кожная паперка ў штабе была з грыфам «сакрэтна», яе трэба было атрымаць пад расьпіску, пад расьпіску здаць і ня дай Бог згубіць. За страту не адзін афіцэр паплаціўся кар’ерай. А то і воляй.
У лютым, якраз 23-га, на дзень Савецкай арміі, нарадзіўся мой першы сын Сяргей. Нарадзіўся дома, з дапамогай фэльчаркі суседняе вёскі. Умовы для яго маленства былі ня надта прыдатныя: стаялі халады, завеі, у пакоі за ноч замярзала вада. З дровамі былі хранічныя праблемы. Паявіліся новыя (і немалыя) клопаты, новыя цяжкасьці. Трэба было падтрымліваць хоць бы мінімальную тэмпэратуру жытла, а тое пры жалезных печках было небясьпечна: часта востраў трэсьлі землятрусы. У такі час развальваліся бляшаныя дымаходы і здараліся пажары.
Усчаліся праблемы з камандзірам маёй былой батарэі маёрам (ужо маёрам) Балюковым. Жывучы халасьцяком, маёр добра запіў. Часам дапіваўся да гарачкі. Неяк зьявіўся на батарэю і аб’явіў збор. Прыбеглі разьлікі, усе ўлезьлі ў большы бліндаж. І тады камбат запаліў дымавую шашку — хацеў праверыць проціхімічную гатоўнасьць. Але многія былі без процівагазаў, і некаторыя страцілі прытомнасьць. Ледзьве ажывілі. Начальства адхіліла маёра ад камандаваньня, назначыла з паніжэньнем у дальні гарнізон. А мяне вярнулі ў батарэю — выконваць абавязкі камбата.
Менавіта ў гэты час пачалі цікавіцца маёй беспартыйнасьцю. Як мог я аднекваўся — дужа не хацеў уступаць. Ужо хоць бы таму, каб ня большыць сваю залежнасьць. (І без таго быў залежны на 90 %). Ды не хадзіць на партсходы, якія выклікалі ў мяне дрыготку. Доўга цягнуў. Ды ўсё ж далі рэкамэндацыі, у тым ліку і маёр Стаянаў, які, бы спачуваючы, сказаў: «Куды дзенешся? Калі служыш, то трэба ўступаць. Я вось таксама позна ўступіў, і ў 45 год — маёр». Але ўся справа ў тым, што служыць я і не зьбіраўся — я хацеў вырвацца з арміі. Толькі не было як.
На партыйным сходзе разглядалася пытаньне аб маім прыёме ў партыю. Але, здаецца, тады ня вырашылі нічога. Трэба было праверыць маю біяграфію, біяграфію бацькоў. Паслалі запытаньні — па ўсіх лініях. І вось з аддзелу кадраў (ГУК) Міністэрства абароны прыйшоў адказ, што лейтэнант Быкаў В.У. забіты 7 студзеня 1944 году і пахаваны ў брацкай магіле, што ў вёсцы Вялікая Севярынка Кіраваградзкай вобл. Мяне пацягнулі да начальства: начальніка штабу, оперупаўнаважанага СЬМЕРШ. Пісаў тлумачэньні, запаўняў анкеты… Рашэньня пакуль ніякага не было, і я ўжо ня ведаў, чым тое скончыцца. І тады ўвосень са штабу аб’явілі, што я павінен паехаць на курсы ўдасканаленьня, якія былі на Сахаліне. Пры штабе акругі. Гэтая навіна мяне, канешне, не парадавала, але мой ад’езд спыняў агідную тузаніну з уступленьнем у партыю. Уступленьне адкладвалася да часу звароту з курсаў. А курсы былі дзевяцімесячныя.