Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 340
Васіль Быкаў
Каб абсталяваць пазыцыі ды НП як мае быць, патрэбнае дрэва. А дрэва паблізу не было. Быў лес у сопках, кілямэтраў за дзесяць — пятнаццаць, як яго адтуль было прывезьці, калі не давалі машынаў? Ды і сам лес ахоўваўся лясьніцтвам. А між тым да нас зачасьціла начальства — з палку, дывізіі, арміі — камандзіры і камісіі, усё з праверкай, з нарадамі, з крыкам, лаянкай і вымовамі. Капалі траншэі, зямлянкі, вузлы сувязі. Дрэва па начах кралі, дзе толькі можна было. Часам — адзін у аднаго.
З той пары пачалося зусім франтавое жыцьцё — у зямлі. Як на вайне. Старэйшым дык то было звыклым, зямля прыхільна прымала чалавека, над якім — небясьпека. А маладыя бунтавалі. Мой сябра Лёнька Клімаў заўжды быў у канфлікце з камбатам, то праз свае частыя адлучкі ў вёску, то праз п’янкі. Балюкоў таксама часьцяком быў пад градусам. Сам жыў адзін, жонку адправіў на мацярык. Улетку піў сьпірт, а як ня стала сьпірту, ад камбата так і несла пахам трайнога [адэкалону].
Між тым сваім чарадом ішлі заняткі, асабліва палітпадрыхтоўка — два дні па дзьве гадзіны ў тыдзень. Апроч таго — інструктажы ў нампаліта. Праверка канспэктаў. І трэнажы па артылерыйскай падрыхтоўцы. Ішлі бясконцыя партыйныя сходы, на якіх адпрацоўвалі любімую тэму пільнасьці. У дні партыйных сходаў мяне, як беспартыйнага, прызначалі ў нарад. Са зьдзіўленьнем даведаўся, што ў гэтым палку ўпаўнаважаных СМЕРШу не адзін афіцэр на полк, а, мабыць, сем: на кожны батальён, дывізіён. Усё лавілі, выкрывалі шпіёнаў.
Аднойчы раненька я прыйшоў на пірс — даведацца, калі пойдзе кацер на Паўднёва-Курыльск. І тут бачу: наш старшы ўпаўнаважаны СЬМЕРШу капітан Шырокаў вядзе капітана Авяр’янава, за якім ідуць два аўтаматчыкі са зброяй. Я падзівіўся, Авяр’янаў быў у шынялі, але без пагонаў. Гэты афіцэр служыў начальнікам штабу батальёну, быў неблагі служачы. Пасьля дазнаўся, што атрымалася. Аднойчы капітан праспаў развод на заняткі — не зазваніў будзільнік. І ён, не стрымаўшыся, вылаяўся на адрас стаханаўскай вытворчасьці. А за тонкай, з дошак, сьцяной тое ўчуў ягоны саслужывец, падпалкоўнік, які і стукнуў.
Празь дзень на афіцэрскай нарадзе палкоўнік Муратаў аб’явіў, што капітан Авяр’янаў арыштаваны за антысавецкія размовы.
Пра тое, наколькі небясьпечныя шчырыя размовы, я ведаў
і раней. Але тут паявілася новая небясьпека — бытавая. Пасьля кожнага сьвята, калі газэты друкавалі на першай старонцы вялікі партрэт Сталіна, раненька оперупаўнаважаныя перакопвалі сьмецьце за хатамі — шукалі дзе скамячаную газэту з тым партрэтам. Пасьля было сьледзтва. І віноўніка знаходзілі. Гора таму было. У лепшым выпадку выключалі з партыі.
Увесь той год прайшоў для мяне на НП над затокай, якую я вывучыў да дробязяў. Назіраў, як мяняўся акіян; улетку і ўвосень, уранку і ўвечары. Часамі ён быў цудоўны, часамі агідны — у непагадзь. Жонка працавала настаўніцай у мясцовай сямігадовай школцы. Час чаргаваўся між працай, дзяжурствам, заняткамі, праверкамі, дробнымі непрыемнасьцямі ва ўзаемаадносінах з начальствам. Вельмі шмат займаліся артстралковай падрыхтоўкай на тым жа змайстраваным мініятурным палігоне. Гэтым кіраваў інтэлігентны і на рэдкасьць добразычлівы начарт маёр Стаянаў.