Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 339

Васіль Быкаў

У штабе дывізіі далі накіраваньне ў самы паўднёвы пасёлак, што стаяў на беразе праліву з Хакайда. Пасёлак называўся па імені расейскага дасьледчыка Галаўніна. Там быў кулямётна-артылерыйскі полк, на пірсе якога аднойчы ранкам і высадзіўся з кацеру лейтэнант Быкаў з жонкаю. Прадставіўся ў штабе. Палкоўнік Муратаў, тыповы франтавы выдзьвіжэнец, малапісьменны, але дужа ўзнагароджаны, адвёў каморку ў афіцэрскім доме з жалезнай печкай. Дом стаяў якраз на беразе заліву. Усе зручнасьці — у двары. На пагорку за рэчкай — драўляныя казармы. Там мая батарэя. Прызначылі камандзірам узводу ўпраўленьня. (Да таго ўсё быў — агнявога ўзводу.) Тут ужо справа з разьведчыкамі, сувязістамі — не з гарматамі. Камандзір батарэі — капітан Балюкоў, франтавік, узнагароджаны пяцьцю ордэнамі, увогуле, як мне здалося, памяркоўны, незласьлівы афіцэр.

Пачалася служба. На краі зямлі. Ззаду быў мацярык, Радзіма і японскі востраў Хакайда. Наперадзе — Ціхі акіян і Амэрыка.

Пайшла звычайная вайсковая служба: заняткі, нарады, праверкі. Зрэшты, ня толькі звычайная. Было вельмі шмат працы. Амаль кожны тыдзень у бухце, далёка на рэйдзе паяўляліся параходы, іх трэба было разгружаць. Грузы розныя, але тое лета была процьма боепрыпасаў — артылерыйскіх снарадаў. Сьпярша іх выгружалі з трумаў у кунгасы — вялізныя такія лодкі, пасьля з лодак — на пірс, і затым на машынах везьлі ў недалёкі (10 км) пасёлак ля сопкі, дзе былі асноўныя склады. Праца амаль уся ручная, цяжкая. Салдатам даставалася.

Былі частыя землятрусы, асабліва вясной і ўвосень, таму дамы ўсе былі з дрэва, а печы — толькі жалезныя. Ад тае печы я ледзьве не спаліў дом — іду на сьнеданьне і бачу: на маім даху гарыць дранка — ад жалезнай трубы. Добра, убачыў у пару — затушылі. А начальнік штабу падпалкоўнік Вячоркін так і спаліў свой дом — выскачыў у адным кіцелі. Пажараў было даволі. Асабліва зімой. Ды й улетку.

Чытаць тут не было чаго, газэты паўгоду не прыходзілі — прысылалі вясной усе разам за некалькі месяцаў. Напісаў два ці тры апавяданьні і вясной паслаў у Менск, у часопіс «Полымя» на адрас любімага мной зь дзяцінства Міхася Лынькова. Праз колькі часу і праўда — атрымаў адказ. Міхась Ціханавіч вельмі падрабязна разабраў апавяданьні, але ў канцы паскардзіўся на вялікую занятасьць, і я намёк зразумеў. Болей апавяданьняў не пісаў і нікуды не пасылаў нічога.

Вясной быў нераст ласосевых — ішла гарбуша. Вусьце рэчкі, што ўпадала ў затоку, было перапоўнена вялізнымі, з чалавека, рыбінамі, якія імкліва прабіраліся да вытокаў. Іх білі васьцямі, стралялі зь пісталетаў. Увесь травяністы бераг рачулкі быў закіданы рыбінамі — бралі толькі ікру, якую, падсаліўшы, елі лыжкамі. Асабліва на закусь. Пілі разбаўлены 95 % сьпірт, які на разьліў куплялі ў суседняй вёсцы Вінаі, дзе быў і заводзік агару (агар — рэчыва, што здабывалі з марскіх водарасьцяў).

Аднойчы полк паднялі ноччу па трывозе і вывелі на пазыцыі. Пазыцыі нашай батарэі былі на беразе затокі, гарматы паставілі на прамую наводку, выкапалі агнявыя, НП камандзіра батарэі. Усё, бы на вайне — сапраўды пачалася карэйская вайна. І хоць была яна чорт ведае дзе, нашае камандаваньне праявіла пільнасьць і засьведчыла баявую гатоўнасьць. Мы думалі: пасьпім колькі дзён і вернемся ў казармы, але не. Назад нас не вярнулі, загадалі як мае быць абсталяваць пазыцыі, арганізаваць кругласутачнае дзяжурства.