Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 338

Васіль Быкаў

Ехалі болей за дзесяць дзён, праз увесь Саюз, да Уладзівастоку. У мяне была бакавая паліца, ляжы і глядзі ў вакно. Бяскрайнія і неабсяжныя расейскія краявіды. Нечарназем’е, пасьля Урал, Сібір. Прыгожыя забайкальскія мясьціны, само возера Байкал. На станцыях прадавалі гарачую бульбу, таплёнае малако, рыбу — омуль — каля Байкалу. Увогуле цікава. Амаль усе пасажыры вагону былі афіцэры з жонкамі і дзеткамі, ехалі, як і я, на замену. Меркавалі, куды трапяць. Найлепш было б у Прымор’е, найгорш — на Чукотку, у Певек — на край зямлі.

Уладзівасток, Другая Рэчка — яны памятныя ледзьве ня ўсім афіцэрам пасьляваенных часоў, многія прайшлі празь іх. На Другой Рэчцы паблізу ад Уладзівастоку быў перасыльны пункт. У вялізарных казармах на двух’ярусных жалезных ложках разьмяшчаліся афіцэры — з жонкамі і дзецьмі, чакалі транспарту ў аддаленыя раёны — на Сахалін, Камчатку, Курылы. Я тут прабыў ледзьве ня месяц у тым чаканьні. Прызначылі мяне на Курылы, самы паўднёвы іх востраў — Кунашыр, дзе стаяла ПАД — кулямётна-артылерыйская дывізія.

Справаў тут ніякіх не было, часам езьдзілі на рэйсавых аўтобусах у горад. Уладзівасток, вядома, не эўрапейскі горад, але нішто, стаіць на гарыстым рэльефе. Мяне ўразілі памеры будынкаў МДБ — цэлы вялізны квартал у цэнтры. (Тады яшчэ я ня бачыў такі ж квартал у Менску.)

Але вось у канцы мая або ў чэрвені [ — ] каманда грузіцца на цеплаход. Цеплаход той, праўда, ідзе на Сахалін, у Холмск, але, сказалі, там хутчэй будзе транспарт на Курылы.

Выйшлі з порту якраз напярэдадні шторму, які перачакалі ў бухце Вольга. Даволі пакутная гэта справа — марское падарожжа на непрыстасаваным судне, у твіндэку, дзе ўсё тыя ж дзясяткі людзей у агульным памяшканьні з двух’яруснымі ложкамі. Да таго ж марская хвароба.

На Сахаліне немалой праблемай стала перабрацца з Холмску ў другі порт — Карсакаў. У Карсакаве таксама трэба было чакаць. І чакалі ў нейкім клапоўніку бліз порту. Адлучацца нікуды не дазвалялася, кожны дзень мог зьявіцца параход. Такіх дзён набралася, можа, з тузін. Нарэшце пагрузіліся.

Кунашыр трэба было абагнуць з праліву, і мы доўга ішлі паўзь яго гарыстыя берагі. У цёмнай вадзе гулялі касаткі. Нарэшце паказаўся маленькі здалёк берагавы пасёлачак — райцэнтр востраву — Паўднёва-Курыльск. Тут быў штаб дывізіі, куды мне і належала зьявіцца. (Дарэчы, так кожны раз пры перамяшчэньні — па інстанцыях зьверху ўніз: армія, корпус, дывізія, полк, батальён. І — усюды трэба знайсьці штабы, камандзіраў, прадстаўляцца, чакаць прызначэньня ніжэй. Ідыёцкая працэдура, што патрабавала безьліч часу і высілкаў. І нэрваў, канешне. Але нашыя нэрвы-высілкі ў разьлік ня браліся.)