Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 337

Васіль Быкаў

З жалем разьвітаўся з рэдакцыяй, з Гародняй, дзе не давялося пажыць, а хацелася б. Слаўны ўсё ж горад. Праз два дні быў ужо ў Слоніме, адкуль атрымаў накірунак у недалёкі Альбэрцін — там фармавалася мэхдывізія. Зноў — мэхбатальён, батарэя супрацьтанкавых гарматаў. Далі дзень, каб знайшоў кватэру, і — на заняткі па раскладзе. Абмундзіраваньне пакуль ня выдалі — не было на складзе. Вось так! Часьць фарміруюць, а матэрыяльных сродкаў няма. Так, дарэчы, заўсёды. У той былой Савецкай арміі.

Кватараваў у Альбэрціне ля могілак, у хворага на астму дзядзькі. Зрэшты — не кватараваў, толькі начаваў. Раніцай яшчэ ў цемры — бег у часьць, што разьмяшчалася ў бараках нямецкай будоўлі на краі пасёлку, вяртаўся зусім зьмерзшы позна ўвечары. Заняткі, бадай, усе — у полі, у руху, на сьнезе і марозе. Калеў, гібеў, мёрз, трываў лаянку кадравага начальства і думаў: навошта мне ўсё гэта? Але ўслых таго нельга было сказаць. За нашым настроем пільна сачылі камандзіры, палітработнікі, СМЕРШ, вольная пракуратура, трыбуналы.

Ранейшыя веды і вопыт (у тым ліку франтавы) мала што значылі, сталі прысылаць новыя статуты, новыя правілы. І ўвялі страшэнную сакрэтнасьць. Статут для заняткаў трэба было ўзяць у сакрэтнай часьці і пасьля заняткаў здаць яго туды пад расьпіску. Каб кожны раз ня бегчы ў штаб, некаторыя афіцэры пачалі рабіць выпіскі ў асабістыя блакноцікі. Адзін камандзір батальёну павыпісваў з БУП-2 розных нормаў, а пасьля на занятках у полі згубіў той блакнот. Вясковы дзядзька, паехаўшы па дровы, знайшоў, прачытаў на вокладцы прозьвішча і рашыў, што трэба аддаць, бо маёру, мабыць, ён патрэбны. У кірмашовы дзень адвёз у Слонім і аддаў у камэндатуру. Зрабіў падаруначак афіцэру.

Той падаруначак каштаваў маёру ягоных пагонаў плюс шэсьць год пазбаўленьня волі.

Зімой прыехала жонка, уладкавалася настаўніцай расейскай мовы ў Альбэрцінскай школе. Знайшоў новую кватэру, болей зручную, у кульгавага шаўца, таксама каля альбэрцінскіх могілак. Зіма таго году была лютая на халады, і амаль усю яе не зьнімаў шынялю. Настрой быў паганы, якім ня быў нават у вайну. Гародню і маю працу ў рэдакцыі ўспамінаў як адзіны сьветлы прамежак у маім жыцьці. Увесь час думаў, як вырвацца з гэтае вайсковай пасткі? Ды, мабыць, вырвацца не было як.

Зіма была без адзінай адлігі, а вясна ўдарыла раптоўная і даволі раньняя. На першае мая ўжо ўсё было зелена, лес убраўся ў лістоту. У Альбэрціне і ваколіцах стала нават прыгожа: хвоі, возера… І менавіта ў такі час я атрымаў новы загад: зьбірацца на Далёкі Усход. На замену афіцэрам, якія выслужылі там свае тры — пяць гадоў і пераводзіліся на захад. Загад, вядома, зьбянтэжыў, але што зробіш? І хоць бы папярэдне паклікаць, пагутарыць. Дык не, загадана і ўсё. Канешне, у іх разнарадка, а я — новенькі. Усюды кепска быць новенькім, у тым я пераканаўся яшчэ ў вайну. Разьлічыўся са службамі, зьбіў скрыню для багажу і на станцыю. Да новага далёкага жыцьця. Новай службы.