Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 336

Васіль Быкаў

Аднойчы, прыйшоўшы ў сакратарыят, убачыў новую супрацоўніцу прамысловага аддзелу, якім загадваў Л. Красьнянскі. Гэта была практыкантка з унівэрсытэту: маленькае, чарнявенькае дзеўчанё зь вялікім чорным бантам на патыліцы. Хто тады думаў, чым яна стане для мяне — але праз шмат год…

Прыйшла вясна, і зноў напомніла пра сябе армія. Аднойчы атрымаў абвестку на вайсковыя зборы. Пайшоў да намесьніка рэдактара А. Салаўёва, той заклапаціўся: хто будзе працаваць, тры месяцы — ня жарты, і ён напісаў на фірменным блянку адносіну да гарваенкама палкоўніка Янузакава, аддаў мне. Я пабег у ваенкамат. Там, у прыёмнай ваенкама, было ўжо нямала такіх, як я, — усе хадайнічалі аб вызваленьні ад збораў. Палкоўнік быў злы і раздражнёны, як я заўважыў, нават не зірнуў на мяне, моўчкі ўзяў паперку. Ён прачытаў яе і пачаў крычаць, што ўсе адлыньваюць, а абараняць радзіму няма каму. Усё ж я бачыў, што ён вагаецца, і легкадумна рашыў падштурхнуць яго ў пэўным кірунку. І я сказаў: «Рэдактар кажа, што будзе званіць у абкам, калі вы…» — «А, у абкам? Званіць у абкам? Хай звоніць! — раптам вызьверыўся ваенкам. — Хоць да госпада Бога! Хай звоніць! А вы — заўтра ў 9.00 — у ваенкамат! Панятна?».

Так, здаецца, я спляжыў усю справу. І ня толькі справу, але і ўвесь ход майго жыцьця. Наступствы той мае рэплікі вылезьлі мне бокам, перавярнулі лёс…

Вайсковыя трохмесячныя зборы былі арганізаваныя недалёка ад Гародні, на беразе Нёмана за Грандзічамі. Між дубамі былі пастаўлены палаткі, лінейна арганізаваны распарадак дня. І — заняткі. Як звычайна: статуты, палітпадрыхтоўка, артылерыя, артстралковая тактыка. Так поўны тыдзень. Афіцэраў запасу сабралі з усёй Беларусі, усе яны былі франтавікі. Вучылі іх таксама франтавікі, але кадравыя. Хоць былі і маладыя, пасьляваенных гадоў выпуску. Усё гэта была даволі апрыклая справа. Тым болей, што — непатрэбная. На тых зборах я сустрэўся з колішнім аднапалчанінам па 1245 ІПАТАПУ — лейтэнантам Крывавязам, ён жыў недзе ў Брэсцкай вобласьці.

Усё тое лета і частка восені прайшлі на зборах. Вучыліся, практыкаваліся, здавалі экзамэны. На сваю бяду я здаў пасьпяхова. Пасьля прыйшоў у рэдакцыю і атрымаў водпуск — на 24 дні. Трэба было б паехаць дадому, але рашыў пачакаць: не было грошай. Рашыў падзарабіць. Ды й апрануцца. Бо ўсё хадзіў у вайсковым кіцелі і ў лейтэнанцкім шынялі. Даношваў боты. Надзя прывезла з Мсьціслава сястру Веру, выпускніцу тамтэйшай школы. Паступіла ў культпрасьветвучылішча. Жыць стала, вядома, у нас.

Адпачынку ў мяне заставалася ўсяго некалькі дзён, як паклікалі ў ваенкамат. Думаў: якога д’ябла. Адбыў зборы, казалі, цяпер мінімум гады два ня будуць чапаць. Аж у ваенкамаце аб’явілі загад міністра абароны аб залічэньні ў кадры Савецкай арміі. Войска, якое то скарачалі, то пашыралі, тады якраз пашыралася. Тэрмін прыбыцьця ў часьць — праз два дні. Часьць знаходзілася ў Слоніме. Я ледзьве ня ўпаў ад тае навіны. У нашай групе на зборах былі афіцэры, што прасіліся ў войска, але ня я. Я лічыў, што разьвітаўся зь ім назаўсёды. Аж не…