Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 335

Васіль Быкаў

Патрэбныя былі дакумэнты аб адукацыі, але дзе іх узяць? Напісаў у райана ў Вушачу, ды адказу ўсё не было. Школы ў Кублічах таксама не было, зьбіраліся будаваць замест спаленай у вайну. Між тым самому захацелася пісаць у газэту. Схадзіў на Гарадзенскі шклозавод, напісаў невялікі нарыс «Шклавары». Надрукавалі, акуратна выразаў і паклаў у свае паперы. Зь нецярпеньнем чакаў лятучку, калі раз на тыдзень рабілі разбор надрукаванага. Асабліва ніхто не пахваліў, але і не палаялі, і то добра.

Вясной пад Дзень Перамогі накрэмзаў нешта, што назваў апавяданьнем «Цьвілі акацыі», і, набраўшыся рашучасьці, аднёс намесьніку рэдактара Андрэю Абрамавічу Салаўёву. Той прачытаў і сказаў у сакратарыяце, каб усе чулі: «Гэта заслугоўвае самай сур’ёзнай увагі». 9 мая надрукавалі. То было, канешне, абсалютна бездапаможнае сачыненьне на прапагандовую тэму, але той першы водгук старэйшага таварыша меў для мяне вырашальнае значэньне. Можа ўпершыню тады я адчуў, што нешта ўмею. Хоць, канешне, адчуваньне тое было надта ілюзорнае.

Улетку пад восень ажаніўся з Надзеяй Кулагінай. Яна вучылася ў пэдінстытуце, працавала ў вольны час у рэдакцыі падчытчыцай, дзе мы і пазнаёміліся. Расьпісаліся ў загсе, і яна паехала на работу ў Мсьціслаў. Кватэры, вядома, не было, жыць не было дзе.

У пачатку восені знайшоў кватэру ў прыватным дамку пад Каложай. Перабірацца было проста — ніякай маёмасьці ня мелі. Мар’я Іванаўна ў якасьці пасагу дала мне кававарку. Толькі не было кавы. Жыць удвох на маю зарплату ў 930 рублёў было нялёгка. Зь першых дзён узьнікалі праблемы. Вольнага часу зусім не было, з рэдакцыі вяртаўся позна, гадзінаў у дзесяць вечара. Раніцой бег да дзевяці.

У канцы восені перабраліся на новую кватэру па вуліцы Лермантава. Дамок быў у ціхай мясьціне, але дужа стары. У той жа кватэры, у суседнім пакоі, жыла яшчэ сям’я, кухня была агульная. Дроў, вядома ж, не было — ні для прыгатаваньня ежы, ні для ацяпленьня. Жылі так, бы на вакзале. Толькі перабыць ноч.

Неяк пабачыў Міхася Васілька, прыяжджаў у рэдакцыю, прывёз верш на сьвята. Жыў ён у сваёй Баброўні, выгляд меў сялянскі: у кажуху, валёнках. Але характарам паказаўся мне надта ж добрым — сардэчным, уважлівым. Толькі зь нейкаю затоенай гаркотай у душы. Пасьля дазнаўся: была гаркота і надта па тым часе вялікая.

Напісаў і надрукаваў у сваёй газэце яшчэ адно апавяданьне «У першым баі». Гэтае мне падабалася больш за папярэдняе, і таксама пра вайну. Асабліва яго ніхто не чытаў, водгукаў не было. Пісьменьніцкага асяродзьдзя тады ў Гародні не існавала, нават літаб’яднаньня не было. Штонішто было ў мяне напісана і яшчэ, але пакуль я нікому тое не паказваў, ды і сам быў ім незадаволены. Згубіўшы надзею атрымаць якія дакумэнты аб адукацыі, вырашыў падрыхтавацца і здаваць [экзамэны] экстэрнам за дзясятую клясу. Але патрэбна было нешта мець хоць за дзявятую.