Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 331

Васіль Быкаў

У Гародню цягнік прыйшоў з раніцы, я выйшаў на маленькую прывакзальную плошчу і спыніўся. Старыя, невялікія дамкі, старыя дрэвы, некалькі вуліцаў, што разыходзіліся ў розных кірунках. Па якой ісьці?

У мяне быў невялічкі фібравы чамаданчык і шынэлак. У кішэні вайсковыя дакумэнты і 1.200 рублёў грошай. А ў горадзе ніводнага знаёмага. Праўда, у вагоне пазнаёміўся зь дзяўчынай, якая, дазнаўшыся, хто я і за чым еду, расказвала пра Гародню. Расказвала з захапленьнем. І я ўжо гатовы быў захапляцца. Асабліва Нёманам, замкам над ім. Толькі дзе яны? Зьнікла і дзяўчына. Абяцала пачакаць, ды прапала.

Пайшоў па адной вуліцы — Будзённага, павярнуў на Пясочную, выйшаў да гарадскога парку. Папытаўся, дзе вуліца Клары Цэткін. Паказалі. Пайшоў…

Сшытак другі

Гэты сшытак пачынаецца з картаў. Тое мне здаецца сімвалічным. Я заўжды любіў карты. І сёньня магу разглядваць іх гадзінамі. Хоць бы і знаёмыя.

А як былі дорагі карты ў вайну. Для кожнага афіцэра. Асабліва артылерыста. Бяз карты нельга было страляць. Нашых картаў, на жаль, было мала, ды і недакладныя яны былі. Калі трэба былі дакладныя (артылерыстам), звычайна стараліся дастаць нямецкія. Немцы лепей за нас ведалі нашую мясцовасьць.

Але гэта між іншым.

25 сьнежня 1993 г.

Шкада, тут няма карты Беларусі.

Гэтая філія Саюзу мастакоў, а дакладней — майстэрня, была ў адным пакойчыку на першым паверсе старога дому.

За сталом сядзела сакратарка — прыгожая дзяўчына Марыя, неўзабаве паявіўся і Віктар Марозаў — сярэдніх гадоў мужчына, былы камбат супрацьтанкавых гарматаў, з ордэнам Чырвонага сьцягу на борце. Я расказаў пра сябе. Віктар Фёдаравіч уздыхнуў, але тут жа і засьмяяўся: «Што ж, будзем працаваць. Каб толькі была праца. Ну але ладна. Кватэра ёсьць?» — «Не, няма». — «Ну, кватэру знойдзем. Трэба ў Мар’і Іванаўны папытацца. А чамадан пакуль што можна во ў Коха пакінуць». Ён кіўнуў у бок франтавата апранутага чалавека з бародкай, мастака Коха, які таксама згодна заківаў галавой. «Ну так, мо-о-жна». Неўзабаве ён павёў мяне да сябе на кватэру, кудысь за вакзал, там яго гаспадыня пачаставала мяне кубкам малака з лустай хлеба. Можна было жыць.

Надвячоркам у майстэрню сабраліся гарадзенскія мастакі, апроч ужо вядомага В. Марозава, прыйшоў Ігар Васільевіч Сямёнаў, загадчык майстэрні Яфім Сальнікаў, павялі мяне некуды за Нёман. Перайшлі пантон — прыгожы і, мабыць, высокі мост быў узарваны і ляжаў пралётамі ў вадзе. На пачатку вуліцы Ласасянскай стаяў ладны дамок, дзе кватараваў былы сяржант падначаленай Марозаву батарэі — Фёдар Іванавіч Лукаянаў з жонкай Марыяй Іванаўнай і двума дзецьмі. Яны і прынялі новага кватаранта, адвёўшы яму невялікі пакойчык з тахтой пры сьцяне. У той жа вечар пайшлі гэтую справу абмыць. Абмывалі ў рэстаране «Нёман», пасьля чаго ў мяне засталося якіх рублёў 300 грошай. Ну але тое — не бяда, сказалі мне мае новыя дружбакі, шчасьце — ня ў грошах. Увогуле я быў згодны. На той час.

Пачыналася маё новае жыцьцё «на гражданке», якога я ня ведаў, да якога ня быў прызвычаены. Мар’я Іванаўна, мілая гаротніца-жанчына, клапацілася пра мяне, бы маці: і пакорміць сьняданкам, і памые бялізну. Фёдар Іванавіч недзе працаваў у партыйна-гаспадарчым апараце, вяртаўся ноччу, як правіла, пад моцным хмелем. Часам буяніў, памыкаючыся біць Мар’ю Іванаўну — была ў яго на яе нейкая крыўда. Аднойчы, як я яе бараніў, перапала і мне — расьсек губу. Цьвярозы ж гэта быў ціхі мірны чалавек. Пасьля дазнаўся, што быў ён рэпрэсаваны, адсядзеў гадоў пяць у турме. А да таго працаваў «у ворганах» у Баку. Хапаў сам па начах, а неяк сказалі: «Табе, Лукаянаў, сёньня адгул. Адпачывай». І тады схапілі самога. Праўда, у пачатку вайны вызвалілі і адправілі на фронт. Меў Фёдар Іванавіч тры ордэны. На вайне быў разьведчыкам у артылерыі.