Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 329

Васіль Быкаў

Дома ўсё аказалася такім, якім я пакінуў гадоў 7 таму.

Вёска неяк убераглася ад разгрому. Маці пастарэла дужа, бацька таксама. Затое падрос брат Мікола. Удвох зь ім мы зьезьдзілі ў Гаі, сьсеклі і прывезьлі сухадрэвіну на дровы. Жыцьцё тут было да жаху беднае, каровы не было. Бацька хадзіў прасіць паўлітра малака ў брыгадзіра — для афіцэра Чырвонай арміі. Гадавалася малое парасё, якога вырашылі прырэзаць з нагоды госьця. Каб хоць заскварыць булён. Расказвалі пра вайну, што давялося перажыць. Страху натрываліся даволі і за сябе, і за сына, ад якога не было ні слыху, ні духу. А затым па вызваленьні ў 44-м прыйшла «пахаронка». Добра, што тут жа прыйшоў ад мяне ліст. Сястру Валю немцы вывозілі ў Германію, ды яна ўцякла — саскочыла з цягніку. Пасьля былі нямецкія аблавы, у часе адной зь якіх яе выдала стрыечная сястра. Схавалася была ў кусьце каля сажалкі, а тая паказала немцу. З зайздрасьці, што ўратуецца.

Хлеба не было, бульбы таксама. Успамінаючы, аднак, вайну, казалі: затое тады ад’еліся. І хлеба было, і да хлеба. Калгасы распусьцілі, абраблялі свае надзелы. Было і немцам, і партызанам, і сабе заставалася. Ня тое, што ў калгасах… Ды мінулася тое. Цяпер зноў калгас.

Сябры дзяцінства былі дзе хто. Некаторыя маладзейшыя яшчэ служылі. Некаторыя пагінулі ці зьніклі за вайну. Настаўнікі таксама. Ды і настаўніцы. Мястэчка Кублічы, ладнае такое, старажытнае мястэчка, было панішчана дашчэнту, засталося некалькі хат. Усё яўрэйскае насельніцтва знайшло свой канец яшчэ ў верасьні 41-га году каля Ушацкіх могілак, у агульнай яме.

Увечары прыходзілі да мяне старэйшыя аднавяскоўцы, расказвалі пра свае партызанскія жахі. Жахі блякады. Жахі пераходу фронту, як іх бяззбройнымі калонамі пасылалі празь Віцебскія вароты па зброю. Пра тое расказваў Азевіч Дзям’ян, сын «ворага народу».

Маці падумала схадзіць у свой родны Завулак пазнаёміць мяне са сваім братам Лявонам і яго сям’ёй. Першы раз у жыцьці перайшлі зь ёй былую дзяржаўную мяжу, лесам, каля спаленай Асінаўкі выйшлі да спаленага Завулку. Дзядзька Лявон зь немалой сям’ёй жыў у асеці. Там мы з маці і гасьцявалі дзень. Адзін сын дзядзькі Лявона загінуў пад Кёнігсбэргам, другі яшчэ служыў у войску. А дзядзька Лявон, аднавокі вясёлы чалавек, як і ўсё жыцьцё, лавіў рыбу. З таго і жылі.

Трэба было зрабіць адзнаку ў ваенкамаце аб прыезьдзе і выезьдзе, таму паехаў у Вушачу. Там спаткаў сябра дзяцінства Мішу, які працаваў загадчыкам парткабінэту, а жанаты быў з маёй аднаклясьніцай Сімай. Ён нядаўна дэмабілізаваўся і цалкам ужо ўвайшоў у грамадзянскае жыцьцё. І, вядома, быў членам ВКП(б). У Мішы і Сімы я добра пачаставаўся самагонам і пайшоў дадому. Ішоў доўга. Сьпярша па саннай дарозе, пасьля з Селішчаў па цаліку. Ледзьве дабрыў.

Некалькі разоў падаў, але, паляжаўшы, уставаў. Баяўся замерзнуць.