Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 332

Васіль Быкаў

Адразу пераапрануўся ў цывільнае: танны гарнітурчык зьбярог яшчэ з часу аўстрыйскіх трафеяў. Затое ў Гародні купіў шэры капялюш — здавалася, без капелюша мастаку нельга. Мастакі аднесьліся да дэмабілізаванага хораша, па-таварыску. Самі амаль усе былі такія ж. Іван Пушкоў, старшы лейтэнант, артылерыст, Сальнікаў, Сямёнаў, Парахня, мастакі-афарміцелі былі зь ліку вызваленых палонных, у лягерах таксама працавалі мастакамі. Увогуле слаўныя былі людзі, але бяда ў тым, што было мала работы. Заказы — выпадковыя і капеечныя. Зарплату плаціць не было з чаго. Затое, калі каму перападала, зьяўлялася капейчына — ішлі гурбой у рэстаран. І там да канца. А на другі дзень — у доўг. «На карандаш». Тут у маіх сяброў былі шырокія магчымасьці. Усюды, ва ўсіх забягалаўках яны ведалі па імёнах буфэтчыц, афіцыянтак. Сувязі і кантактабэльнасьць былі самыя дзівосныя. Асабліва пад градусам.

Марозаў таксама жыў за Нёманам, ад мяне — цераз бульбяное поле. Звычайна раніцай я ішоў па яго і чакаў каля весьнічак. Жонка, мілая клапатушка Леначка, выпраўляла яго на працу. «Ну, дык ты ж, Ванечка, сёньня не бяры…» — «Не, ну што ты!» — «А то ж учора пазнаць было нельга: як зямля». — «Не, сёньня не, я ж сказаў…» — «Але ж ты і ўчора казаў». — «Дык то ўчора. А сёньня маё слова — жалеза», — казаў Віктар Фёдаравіч і падміргваў мне.

Мы выходзілі на вуліцу.

«Ну, куды пойдзем?» — пытаўся сябра. У абодвух пасьля ўчарашняга трашчэлі галовы, а грошай не было — учора спусьцілі зарплату, і Віктар Фёдаравіч пачынаў калькуляцыю: «У блакітным сядзелі аж на тым тыдні, але там я павінен мнагавата. У Фені былі пазаўчора. Не, не гадзіцца, скажа, кожны дзень ходзіце. У Ніны Пятроўны даўно не былі. Праўда, і той вінен. Але ўсяго сто. Ідзем да Пятроўны».

Пятроўна гаспадарыла ў чыгуначнай забягалаўцы.

Віктар Фёдаравіч з парогу чынна раскланьваўся, цалаваў ручку гаспадыні і пачынаў заказваць. «Два па дзьвесьце, вунь тую вяндлінку, гурочкі»… Пятроўна нецярпліва напамінала пра доўг, і Віктар Фёдаравіч таксама нецярпліва яе запэўніваў: «Усё будзе, дай заказаць. Расплачуся чынчынам». Хоць і зь недаверам, гаспадыня ставіла закусь, налівала дзьве шклянкі. Паправіўшы галоўку, Віктар Фёдаравіч уставаў, зноў цалаваў ручку і лез у кішэнь. Далей наступала самае важнае. На пачырванелым, трохі са сьлядамі асьпінак ягоным твары адбівалася зьбянтэжанасьць, і ён зь непадробным жалем, з роспаччу енчыў: «Во халера! Гэта ж я другі касьцюм надзеў… А грошы…».