Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 333

Васіль Быкаў

Трэба было разумець так, што грошы засталіся ў другім, найноўшым гарнітуры. (Каб той быў у яго!) Пятроўна злосна сьмяялася. «Не перажывай, — запэўніваў яе Марозаў. — За мной не заржавее».

І выходзіў, пахмялёны і задаволены.

Працы ў майстэрні было ня дужа шмат, вольнага часу даволі. Я маляваў алеем і акварэльлю, хадзіў у прыгарады на эцюды. Зрабіў некалькі копіяў — фламандцаў і Шышкіна. Бачыў, аднак, майстэрства майго бракуе. Усё ж для мастака патрэбна няспыннасьць, штодзённасьць занятку, інакш рука траціць цьвёрдасьць, а зрок — вастрыню. А ў мяне якіх сем гадоў перапынку, — час, аддадзены вайне, вайсковай навуцы, якая цяпер без патрэбы.

Але мастацтва — дзеля вольнага часу, дзеля душы. А для жыцьця штодзень патрэбныя былі грошы, якіх не было. З Андрэем Засьпіцкім (таксама дэмабілізаваным скульптарам) мы што-колечы афармлялі для кінатэатру. Афармлялі парк. Калі што зараблялі, дык тут жа ўсё і пакідалі ў рэстаранах ці забягалаўках. Цяжкі быў час. А людзі мне падабаліся.

Апроч Віктара Марозава, які лепш за ўсё працаваў у графіцы, някепскім майстрам абяцаў стаць Іван Пушкоў, а таксама Дзіма Парахня, жывапісец з адметным густам. Часам прыходзілі да нас Валяньцін Савіцкі, Міхаіл Плужнік. Часьцяком «прыбрыдаў» да майстэрні хворы, няшчасны Дзешка, які ўжо амаль нічога не рабіў, жыў толькі тым, што зь літасьці атрымліваў ад сяброў. А некалі ён скончыў Варшаўскую акадэмію, дзе вучыўся разам з Кохам.

Арыстакратам мастацкага цэху лічыўся Ігар Васільевіч Сямёнаў, мастак-афарміцель. Афарміцель ён сапраўды быў выдатны, усё рабіў па вышэйшым клясе: прыгожа і акуратна. Гэта быў рыцар, маг рэстараннага дзейства: калі меў грошы, частаваў направа і налева, плаціў вялікія чаявыя, паводзіў сябе ў хмелі высакародна і прыгожа. Калі грошай не было і яго самога частавалі, ён прасіў толькі:

«Разьлічвацца дай я буду». Тады яму перадавалі кашалёк, і ён шчодра адорваў афіцыянтку. Марозаў наадварот, у гэтае справе паводзіў сябе авантурна: калі падабаўся хрэн, закупляў яго оптам, усё блюда. А то мог папытацца, колькі каштуе люстра пад стольлю, і, заплаціўшы ашалелую суму, пабіць яе палкай. У той жа час быў чалавек разумны і адукаваны. Варта было яго паслухаць на начной вуліцы, калі мы пасьля рэстарана вярталіся дадому. Да якіх толькі філасофскіх вышыняў ён не ўзьнімаўся!..

Гэта быў выдатны мастак-філосаф. З пакарэжаным вайною лёсам.

Зараблялі мала, а пілі ўсё болей. Калі бывала ў кішэні паяўлялася якая сотня, Марозаў у забягалаўцы калькуляваў яе так: на 95 рублёў выпіўка і на пяць рублёў — закусь.

«Не чревоугодничай», — запісана ў Бібліі, напамінаў ён нам. Увогуле, яму не пярэчылі.

Апошнім буйным заказам, які мы выканалі ў тую восень, было афармленьне гарадзкога кірмашу: шыльды, стэнды, рэкляма. Пасьля ўжо не было нічога. Не было і грошай.

У забягалаўцы, што была на пачатку вуліцы Клары Цэткін, часам паяўляўся высокі пажылы чалавек, выпіваў куфаль піва. Неяк Ігар Сямёнаў пазнаёміў мяне зь ім. То аказаўся бухгалтар рэдакцыі абласной газэты «Гродненская правда». Рэдакцыя была побач, у суседнім будынку. Гэты Кавальскі, аднак, быў палкоўнік царскай арміі, былы кавалерыст. Вядома ж, дваранін. Што-нішто ён расказваў з колішняга свайго жыцьця і тым цікавіў нас. У яго ж можна было папытацца, як робіцца газэта, — то ўжо была мая цікаўнасьць. І вось у канцы году ў «Гродненской правде» паявілася аб’ява пра тое, што рэдакцыі патрабуецца карэктар, які добра ведае беларускую мову. І ў мяне зьявілася жаданьне. Пры сустрэчы я сказаў Кавальскаму, які тут жа і завёў мяне ў рэдакцыю. Да адказнага сакратара Цыпінай.