Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 330

Васіль Быкаў

Няласкава сустрэла мяне радзіма Беларусь, але дужа не хацелася ад’яжджаць на далёкі апрыклы поўдзень. Ды мусіў. Нічога нельга было зрабіць па сваёй волі, усё маё жыцьцё падлягала волі чужой. Дзяржаўнай. І не было каму скардзіцца, да каго апеляваць.

На тлумных, набітых пасажырамі цягніках неяк дабраўся да Нікалаева. Урэзаў свой водпуск дні на тры — каб не спазьніцца ў часьць. За спазьненьне дужа ўшчувалі. А я і так быў ня самы ўзорны ўзводны. Прыехаўшы, адразу падаў рапарт на дэмабілізацыю. І тут жа атрымаў адмову. Трэба служыць, мацаваць абароназдольнасьць Радзімы, у чым і заключаецца абавязак кожнага грамадзяніна СССР. Дзякуй за тлумачэньне, думаў я, пакідаючы кабінэт начальніка аддзелу кадраў дывізіі. Мацуем, аж уваччу цёмна.

Вясной зноў пярэбары ў надакучлівы, пракляты лягер пад Цярноўкай. Уся мая душа пратэставала супраць бязмозглых армейскіх парадкаў, камандзірскай дэспатыі, улады паліторганаў, якая пасьля вайны ўсё болей убіралася ў сілу. Пасьля зімовага водпуску я, здаецца, абсьмірэў, мабыць, рашыў, што па-добраму з войска ня вырвацца. Думаў, як быць далей. Менавіта ў той час да мяне пачалі пад’язжджаць: уступай у партыю. Хоць малады, але франтавік і г. д. А мне ўжо абрыдзеў нават камсамол зь яго нуднымі папяровымі справамі, фармальнымі сходамі, усёй яго дзелавой нікчэмнасьцю. Я, колькі можна было, аднекваўся. Але ўрэшце парторг загнаў у кут: дамовіўся, рэкамэндацыю дадуць. Ужо і далі. Што ж, напісаў заяву. На сходзе пярвічнай нават прынялі. І я думаў: здаецца, папаўся, што было рабіць?

Але душа мая пратэставала, не згаджалася. Адчуваў: прымуць у партыю — з арміі ня вырвуся. А я не хацеў служыць ні аднаго дня.

І тут у канцы красавіка — загад аб дэмабілізацыі вялікай групы афіцэраў. І Быкава ў тым ліку.

Я кінуўся ў штаб, з абхадным лістом аббегаў службы.

Хутчэй-хутчэй, пакуль не затрымалі тыя… Бо ўжо засталася толькі парткамісыя пры дывізіі… Але я адчуў волю, да якой імкнуўся і апроч якой у мяне нічога не было ні ў душы, ні ў сэрцы.

У Дзень перамогі 9 мая 1947 году шчасьлівы і вольны ехаў цягніком з Харкаву ў Менск. Будучае ўяўлялася дужа няпэўна. Канешне, да бацькоў у галодны, разбураны край ехаць ня мела сэнсу. Якой хлебнай спэцыяльнасьці таксама ня меў. Думаў, можа ўдасца паступіць вучыцца ў тое ж мастацкае вучылішча? Дачуўся, што ў Менску жыве колішні наш дырэктар мастак І. Ахрэмчык. У паўразбураным горадзе адшукаў Саюз мастакоў, сказалі, Ахрэмчык будзе пасьля абеду. Пасоваўся па горадзе, пасядзеў на лаўцы ў сквэры. А надвячоркам і праўда пабачыў Ахрэмчыка.

Сустрэў ён мяне невясёла, сказаў, што мастацкага вучылішча ў Віцебску няма і наўрад ці будзе. У Менску нават прафэсыйным мастакам жыць цяжка. Асабліва матэрыяльна. У Заходняй Беларусі ў гэтым сэнсе трохі лепш. Многія мастакі атабарыліся там. Напрыклад, у Гародні. Пакуль што, канешне, халтура, заказы. А праз год-два, мабыць, зьявіцца магчымасьць арганізаваць вучобу. У Менску ці Віцебску.

Ён даў мне накіраваньне да старшыні гарадзенскай філіі мастакоў Віктара Марозава, і я пайшоў на вакзал выпраўляць білет. На Гародню.