Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 325

Васіль Быкаў

Карацей кажучы — выкрыў мяне і тут жа зьняў з пачэснай пасады камсорга. Пра ўступленьне ў партыю размовы больш не было.

Сяброўства тае пары было калектыўнае — група камандзіраў узводаў палку. Борматаў на той час стаў камандзірам батарэі. Валька Бахцігозін быў па-ранейшаму мой лепшы сябра. Яшчэ я зблізіўся з афіцэрам штабу Віталём Дзібнерам. Гэты апошні быў старэйшы за мяне год на сем, родам зь Ленінграду, да вайны скончыў Ленінградзкі ўнівэрсытэт, быў чалавек інтэлігентны і адукаваны. А мяне на той час дужа пацягнула да культуры, ведаў, якіх я не дабраў да вайны. Мы з Дзібнерам абходзілі ўсе музэі ў Сафіі, усе выставы і саборы. Зноў пачаў маляваць — пераважна акварэльлю, вядома, цудоўную Віташу, прыгарадныя каплічкі, прыроду. Таксама заняўся фатаграфіяй — купіў старэнькі «кодак». З дому атрымліваў невясёлыя пісьмы — разруха, голад, недарод… Бацька падрабязна апісваў сваю жытку, пісаў, як заўжды, алоўкам, акуратна, сваім каліграфічным, набытым у царкоўна-прыходзкай школе почыркам.

Недзе пад вясну мяне зноў вярнулі ў полк, у тую ж другую батарэю.

Здаецца, у маі 1946 году полк (і брыгаду) нечакана расфармавалі. Афіцэраў параскідвалі па розных часьцях. Бахцігозіна перавялі ў нейкі артполк. Дзібнер дэмабілізаваўся, паехаў у свой Ленінград. Мяне прызначылі ў стралковую дывізію, якая дыслакавалася пад Бургасам.

Зь некалькімі афіцэрамі ехалі ў новую часьць. Білеты ў Сафіі далі самыя лепшыя — у першую клясу, зь мяккімі аксамітнымі полкамі, занавескамі. Але аксаміт той быў парэзаны фінкамі і чарнеў палосамі. Стала адразу зразумела: «братушкі» здабывалі тут «бархаткі» для бляску на ботах… Такая ўжо была нашая расейская салдацкая натура: узяць, дзе кепска ляжыць, а што нельга ўзяць — панішчыць.

Бургаская дывізія таксама доўга не ўтрымалася на месцы — пачала грузіцца ў вагоны для адпраўкі ў Саюз.

Увогуле, у Саюз мы ўвесь час імкнуліся. «Дамоў», — было ва ўсіх на языку, хоць і любілі Балгарыю, хоць і неблагая тут была жытка. Але доўгая ростань з роднымі, з Радзімай ужо станавілася нясьцерпнай. Цяпер мы ехалі дамоў. Толькі надта вялікі быў наш «дом», і шанец трапіць мне ў маю Беларусь быў мізэрны. Тое не магло не засмучаць.

Нядоўгае чыгуначнае падарожжа скончылася на прыгранічнай станцыі Унгены, пад якой нашая дывізія стаяла ў абароне ўлетку 44-га і якую затым бралі. Якраз выгрузіліся і на сваім гужавым транспарце паехалі цераз Малдову на ўсход. Праяжджалі знаёмыя месцы. І тую вёску, куды мы з НП з камандзірам палку хадзілі ў самаволку, і тую вышыню, за якую полк біўся ўсю вясну 44-га. Але які жах быў перад намі! Скрозь ляжалі чорныя палі, палеткі не былі засеяныя, усё спляжыла другая запар засуха. Сёлы стаялі пустыя, ратуючыся ад голаду, людзі падаліся хто куды: на поўнач, у Букавіну, на Украіну. Мы ўсе панылі, прадчуваючы кепскае.