Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 323

Васіль Быкаў

Ехалі празь Венгрыю, Югаславію. Па тых жа мясьцінах, дзе нядаўна паўзьлі з баямі. Уразілі статкі іржавых, пакалечаных танкаў (сваіх і нямецкіх) пад Сэкешфэхервварам. Югаславы махалі нам скрозь, пакуль ехалі па Сэрбіі. У балгарскім горадзе Відзін пераехалі па пантоне цераз Дунай.

І вось — Сафія!

Плоўдзіўская шаша, 4-ы кіламэтр. Цераз поле велічная Віташа. Тут у балгарскім вайсковым гарадку суджана будзе пражыць год.

Салдат разьмясьцілі ў казармах, афіцэры жылі ў інтэрнаце — па чатыры-шэсьць чалавек у пакоі. Зь першых дзён заняткі па баявой і палітычнай падрыхтоўцы. Пасьля баявой вольніцы цяжкая гэта аказалася справа для салдатаў і афіцэраў. Нецікавая, надакучлівая. Ніхто не хацеў служыць, чакалі дэмабілізацыі. У горад сьпярша не пускалі. Хадзілі ў самаволку. Уцякалі некаторыя. Лавілі, судзілі. Будучыня наша, маладых афіцэраў, была няпэўная.

У канцы лета дэмабілізавалі старэйшыя ўзросты да 1924 году нараджэньня ўключна. Але — салдатаў і сяржантаў, не афіцэраў. Афіцэры атрымалі права выхаду ў горад. І яны рынуліся.

Сафія была дужа эўрапейскім горадам, з буржуазным укладам жыцьця, ад якога мы былі ўжо адвучаныя. Або зусім ня бачылі. Вайна таксама зьмілавалася над Балгарыяй. Людзі да нас адносіліся сапраўды як да братоў і клікалі братушкамі. Усюды, дзе мы зь імі сустракаліся, нас чакала прыязнасьць, а то і пачастунак.

У цэнтры Сафіі перад помнікам Аляксандру-вызваліцелю быў арганізаваны Дом афіцэраў з рэстаранам, куды мы ірваліся кожны выхадны. Пілі так, што балгары хапаліся за галовы: шклянкамі ня толькі віно, але і каньяк. Апроч таго ў горадзе было шмат піўніцаў, сладкарніцаў, дзе можна было выпіць віна, ракіі, мастыкі. Трохі горш было з закусьсю, але што-небудзь знаходзілася.

Кожны вольны час мы наведваліся ў горад, але былі вельмі кепска апранутыя. У мяне быў зусім папалены шынэлак. А гімнасьцёрка… Яшчэ ў баях, старая, разьлезлася на плячах, і ў ОВС мне выдалі з рамонту: з двума лапікамі, меншым — зьлева над кішаньком і большым — ззаду пад лапаткай. Гімнасьцёрка з забітага. Стаю, бывала, на Арловым мосьце ў Сафіі, чакаю аўтобусу ў свой гарадок, ідзе дробны сьняжок, і чую, як балгары пра мяне кажуць: пэўна, сібірак, марозу ня чуе.

А шынэлак мне зусім нельга апрануць.

Балгарскія афіцэры амаль усе былі звольненыя з арміі і жылі з таго, што прадавалі абмундзіроўку. Нехта мне параіў завітаць на пэўную кватэру, дзе мне прапанавалі амаль новы шынэлак. (Рэч у тым, што форма балгарскіх афіцэраў была вельмі падобная на форму рускай арміі — і савецкай таксама, толькі на шынялях замест пяці гузікаў у радзе было шэсьць.) Але гэты шынэлак быў адмысловы — генэральскі, з выдатнага англійскага драпу і, што мяне крыху засмучала, — на чырвонай падкладцы — пад поламі і пад бартамі. Адпаведна і кант быў чырвоны. Вагаўся я, але аддаў грошы і перачапіў на генеральскія плечы лейтэнанцкія пагоны.

Раніцай я спазьняўся на развод і ішоў пехатой — чатыры кілямэтры па шашы да нашага гарадку. Раптам мяне абганяе «віліс» і спыняецца. Я радасна падбягаю, бачу, то наш камбрыг. Кажа: сядай. Сеў, прыехалі ў гарадок, я хацеў неўпрыкмет шмыгануць у батарэю, але камбрыг кажа: пастой. І вядзе мяне на развод на пляц, дзе ўжо выстраена брыгада. І там пасьля прыняцьця дакладу начштабу і каманды «вольна» ён пачаў бэсьціць мяне перад строем: