Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 324

Васіль Быкаў

«Паглядзіце, перад вамі генэрал, яму наш, рускі салдацкі шынэль не даспадобы» і г. д. Строй сьмяецца, пацяшаецца, а я гатовы згарэць ад крыўды і сораму.

Начальнік ОВС выдаў мне новы — наш «рускі» шынэль, ды толькі дужа кароткі. Я спрабаваў падшыць яго зьнізу, атрымалася ня лепш… З гімнасьцёркі, што нам выдалі неўзабаве (англійскай, ваўнянай), у горадзе пашыў кіцель — як-колечы абарахліўся. А раскошны генэральскі шынэлак прадаў начальніку палкавой школы, дзе яго таксама чакаў незайздросны лёс: быў перашыты на кіцель і брыджы, якія неўзабаве густа абліў чарнілам п’яны камандзір узводу. Каб адпомсьціць за нейкую зьнявагу.

У пачатку зімы мяне перавялі з батарэі ў палкавую школу, вучыць сяржантаў. Парадкі там былі, вядома, болей строгія, чым у палку, і кожны дзень — заняткі. То на пляцы, то ў артпарку, то ў полі. У полі мне нават падабалася: неглыбокі пухнаты сьнег. Марозік градусы 2–3, цёплы, амаль ласкавы вецер з Адрыятыкі. Дужа мне падабалася тая зіма ў Балгарыі. Але астатняе… Да таго ж начальнік школы маёр Батурбаеў быў нейкі дзіўны чалавек — дурны і дужа строгі. І я пачаў хадайнічаць, каб мяне вярнулі ў полк.

У адным пакоі са мной жыў старшы лейтэнант К. Сам родам з Уладзівастоку. І па гадах старэйшы, ён ня надта вадзіў дружбу з намі, заўжды ў вольную часіну недзе зьнікаў і зьяўляўся на службе толькі перад разводам на заняткі. Аднойчы, вярнуўшыся раней часу, я засьпеў у нашым пакоі палкавога «асабіста» зь яшчэ адным афіцэрам, яны штосьці шукалі. Пад ложкам у К. Яны сказалі мне, каб — нікому, нічога. Усё ж я расказаў аб той сустрэчы К., які здагадаўся, што гэта рэч у ім. Бо ў яго завялося каханьне з адной балгаркай. Аднойчы ў выхадны зімовы дзень ён запрасіў мяне зрабіць вандроўку на Віташу. Па дарозе мы зайшлі ў адно кафэ на Рускім бульвары, дзе ён спаткаў сваю Ліляну. Пайшлі ўтрох. Ліляна аказалася прыгожай цемнавокай балгарачкай, студэнткай унівэрсытэту, дачкой нейкага партыйнага дзеяча. Здаецца, нават члена ЦК. Але ўсё роўна мець такія адносіны з балгарамі (тым больш з балгаркамі) нам катэгарычна забаранялася. А К. меў намер зь ёй ажаніцца.

Мы доўга паднімаліся сьнегавой дарогай на Віташу, любаваліся недалёкім Пернікам, Сафіяй унізе. Пасьля дабрылі да паляўнічай хаціны — горнага гатэлю, і там павячэралі. К. зь Лілянай засталіся і назаўтра, а мне заўтра ранічкай трэба было заступаць у нарад, і я на сьвітанку пабрыў з Віташы.

Але тую рамантычную пілігрымку запомніў назаўжды.

А К. неўзабаве злавілі зь Лілянай і дэмабілізавалі. У сакавіку я праводзіў яго на вакзал. Ліляны не было.

Мяне абралі камсоргам палкавой школы, начальнік палітаддзелу сказаў, што трэба рыхтавацца ўступаць у партыю. Якраз выдавалі камсамольскія значкі, за якія трэба было сабраць нейкія грошы. Заадно і членскія складкі. То было ў суботу, а ўвечары таго дня мы, вядома, завіталі ў Дом афіцэраў. Але грошай было малавата, перад палучкай, якая мелася быць у панядзелак. І вось хлопцы кажуць: у цябе ж ёсьць складкі, пазыч, а ў панядзелак з зарплаты мы аддамо. Я і пазычыў. Усё, колькі меў, там і засталося. Але так сталася, што ў панядзелак начфін грошай не атрымаў. А мяне ўвечары паклікаў начпалітаддзелу палкоўнік Юрчанка. «Ну, як справы?» — «Ды, так…» — «Працуеце?» — «Працую». — «Узносы зьбіраеце?» — «Зьбіраю…» — «І здаеце?» — «Не. Яшчэ не…»