Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 322

Васіль Быкаў

Пад вечар я, п’яны, заснуў ля свае машыны.

Прачнуўся ноччу. Вакол усе ўпокат спалі. Нашыя ў абдымку з амэрыканцамі. Камандзіраў нашых нікога нідзе не было, я пабрыў па гарадскіх вуліцах, якія, аднак, кішэлі ад народу — нашых, амэрыканцаў, аўстрыйцаў.

У адным месцы ўбачыў, як зь нейкай будыніны людзі цягнуць скрынкі. То быў прадуктовы склад: мука, масла, кансэрвы. Я вярнуўся да батарэі і пабудзіў шафёра сваёй машыны. Мы пад’ехалі на «студэбэкеры» да складу. Падыходзяць аўстрыякі, адзін пытаецца: пан афіцэр, ці можна ўзяць місачку мукі? Кажу: бяры, дзед, мех! Абы данёс. Узвалілі хлопцы на яго мех, захістаўся, але ня ўпаў, панёс.

Мы там пагрузілі на машыну колькі скрынак шакаладу, сыру, лікёру. Трафеі нашых войск.

На другі дзень — Дзень перамогі — прыехала начальства. Усіх амэрыканцаў прагналі на той бок ракі, на мосьце паставілі каравул. Полк выстраілі ў паходную калону, і мы рушылі далей ад амэрыканцаў, у тыл, да гораду Леабэн.

Усе гады на чужыне быў сярод чужых людзей. А так хацелася спаткаць земляка, чалавека зь Беларусі. Хоць каб павітацца, а то пагаварыць, успомніць. На жаль, тое здаралася дужа рэдка. Было ў батарэі два-тры чалавекі, салдаты аднекуль з-пад Брэсту. З афіцэраў за вайну не сустрэў ніводнага беларуса.

Пад Леабэнам у лесе каля лужка разьмясьціліся лягерам. Пабудавалі буданчыкі. Саставілі ў шэраг машыны і гарматы. Начальства надумала зрабіць страявы «смотр». Пасьля быў мітынг. Назвалі ветэранаў палку. Самым старым ветэранам (з часу фармоўкі) аказаўся начфін. Усе астатнія ня больш, як па году. А камандзіры батарэяў і ўзводаў — нават меней. Кароткі быў наш век у баях. Для мяне гэта быў трэці полк. Плюс два шпіталі. Такая во франтавая служба.

Скончылася вайна, а ня ўсе радаваліся. Валька Бахцігозін захандрыў, і было чаму. Не заслужыў Валька ніякіх узнагародаў. Быццам і служыў, як усе, і ў баях удзельнічаў, а вось жа камусьці не дагадзіў. Мне было шкада Вальку. Несправядлівае ўсё ж да яго начальства.

Усе нашыя трафеі загадалі здаць тылавой службе ПФС.

Прыйшло начальства, ператрэсла нашыя машыны, забралі скрынкі. А пасьля загадалі здаць і рэчы, якіх трохі завялося ў батарэях. Здаваць не хацелі, хавалі, дзе маглі.

Полк паднялі па трывозе, выцягнулі на шашы. Камандзір брыгады Парамонаў аб’явіў, што будзе марш на поўдзень, у Балгарыю. Зьявілася вышэйшае начальства, з арміі. Сказалі: здаць усе трафеі, барахольшчыкамі вас цераз Эўропу не павязём.

У нас былі хромавыя скуры, узятыя яшчэ ў Венгрыі, — знайшлі, адабралі. Загадалі здаць музыку. І тады хлопцы, каб не здаваць, пакідалі хто што меў у раку. Паплылі гітары ўніз па Дунаі. Лаяліся і крыўдавалі салдаты. А начальства мела свой інтарэс. Даведаліся пасьля: ужо з Балгарыі наш начальнік палітаддзелу і начальнік контрразьведкі адправілі ў Адэсу кожны па нагружаным «студэбэкеры». Родзічам і вышэйшым начальнікам. На прэзэнт.

Нам жа яшчэ ў баях вясной было дазволена паслаць па адной пасылцы бацькам. Помніцца, я паслаў кірзавыя боты. І яшчэ шакалад.