Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 321

Васіль Быкаў

«Стой, хто ідзе?». Ці камбат не пачуў пытаньня, ці вартавы не пачуў адказу — стрэліў, і ўсё сьціхла. І якраз у сэрца камбата.

Пахавалі ў горадзе Обэрварт, у парку.

Атрымаў зь інжынэрнага батальёну адказ на маё пісьмо да Тосі. Пісаў знаёмы, пісаў са штабу, што Кастэнка Таісія дэмабілізаваная па цяжарнасьці. Такі сюрпрыз.

Па салдацкай пошце пайшлі чуткі, што Германія капітулюе. Бэрлін ужо быў узяты. А немцы ўсё стаялі перад намі, акопваліся, лупілі ва ўсю зь мінамётаў. А бліжай — і з кулямётаў. Нашы, адчуўшы хуткі канец вайны, кінуліся рабаваць. Неяк адышоўся за рэчку, там на схіле сядзібы на падворку ў траве ляжыць маладая жанчына — згвалтаваная і забітая. У доме ўсё перавернута, мяккая мэбля парэзаная фінкамі, толькі тырчаць спружыны. Люстры пабітыя…

7 мая быў дзень, як і ўсе, немцы пастрэльвалі. Нашую ўскраіну, дом і дарогу некалькі разоў за дзень абстралялі з буйнакалібернага кулямёту — папсавалі ўсю сьцяну будынку. Але горш за ўсё — мы атрымалі загад на наступленьне. У 19.00 гадзінаў. Я падумаў: во будзе здорава, калі загіну ў апошнім баі. Выбраў хвіліну часу, напісаў пісьмо бацькам. На канвэрце (трохкутніку) дапісаў, каб пераслалі ў выпадку маёй сьмерці.

Роўна ў 19.00 пасьля кароткай артпадрыхтоўкі пяхота паднялася. Але… бою не было. Хутка бяжыць камбат, крычыць: хутчэй падганяць машыны.

Немцы перад вечарам ірванулі на захад. Нам загадалі даганяць.

І мы даганялі.

Ноччу і ранкам таго пагоднага майскага дня. Абганялі калёны нямецкай пяхоты, якая зважліва ўступала нам дарогу на вулічках аўстрыйскіх гарадкоў. Насельніцтва скрозь вітала нас, у вокнах і на балконах віселі белыя прасьціны. Нам кідалі прысмакі, цукеркі. Я злавіў пачак падушачак, і мы ласаваліся тады знаёмымі змалку цукеркамі, якія я не смакаваў шмат гадоў.

А на душы ігралі аркестры, і было так вольна і бясьпечна — вайне канец!!! Гэта было асаблівае пачуцьцё, ад якога мы адвыклі за гады вайны. І ў аснове яго — упэўненасьць, што будзеш жыць, што жыцьцё тваё не абарвецца ні сёньня падвечар, ні заўтра. І нішто табе не пагражае.

Аднак пагражала.

Зь лесу з-за рэчкі падбілі нашую самаходку на дарозе, другая, вадзіцель якой, мабыць, быў п’яны, звалілася на крутым павароце ў раку. Мы, аднак, не спыняліся, мы ўсіх абганялі, каб хутчэй дапяць да амэрыканцаў.

Дапялі толькі ў канцы 8 мая перад ракой Энс. Тут быў невялікі гарадок Ротэнман, мост цераз раку, і за мастом амэрыканцы. Яны туды зьявіліся раней, чакалі нас. І як толькі на гэтым беразе зьявіліся нашыя машыны, завіталі на госьці. То былі маладыя, рослыя салдаты, некаторыя гаварылі па-польску, мы мелі на такі выпадак віно, добра ўпіліся, напаілі амэрыканцаў. Тыя ўсё мяняліся «на памяць»: то пілоткамі, зоркамі, гадзіньнікамі, то пісталетамі, а то нават штатнымі карабінамі.