Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 317

Васіль Быкаў

Трэба было ўтрымацца, не пусьціць далей немцаў, асабліва іхнія танкі.

Звычайна ўначы праводзілася палітработа. З тылу прыяжджалі камсорг, парторг, прапагандыст палку на чале з нампалітам маёрам Цквітарыям. Ён зьбіраў разьлікі і «толкал» ім мараль. Якраз у такі час пачаўся артналёт, салдаты шмыганулі ў перапоўнены ровік. А тоўсты маёр Цквітарыя ляжаў зьверху і крычаў: «Пусьціце мяне, я намесьнік камандзіра палку». Як налёт скончыўся, усе вылезьлі, і маёр ніякавата ірвануў у тыл.

Праз колькі дзён ноччу маю гармату вывезьлі з-пад носа ў немцаў, крыху далей ад вышыні. Тут ужо можна было хоць зірнуць сьмялей з ровіку. Мы чакалі танкаў. Але танкі таранілі нашу абарону па той бок станцыі — на паўднёвы ўсход. Ім трэба было прарвацца да Дунаю.

Ноччу, як трохі заціхаў бой, сваю работу вялі і нямецкія агітатары. Іх самалёты ўдзень засыпалі нашы пазыцыі ўлёткамі з заклікамі, каб здаваліся, пераставалі ваяваць за крывавага Сталіна. Ноччу з вышыні праз дынамік пачынала гучаць знаёмая музыка — песьні пра Волгу, пра ямшчыка, а затым выступалі прапагандысты. На добрай расейскай мове ўсё выкрывалі пра крывавы сталінізм, ангельскую плутакратыю, пагражалі вялікаю карай, калі хто не захоча здацца ў палон. Здавацца, аднак, у нас не было дурняў.

8 сакавіка на сьвітаньні недзе за вышынёй грымнуў магутны выбух, і мы зразумелі — штось здарылася. І праўда, здарылася — немцы ўзарвалі пераправу і пачалі адыход на поўнач, за Балатон. Неўзабаве наша пяхота ўжо была на вышыні: хадзіла там, не баючыся, ва ўвесь рост. Мы таксама завіталі туды. Заўжды страшнавата і цікава зазірнуць туды, дзе быў вораг. Схілы вышыні былі заваленыя трупамі — нашых і немцаў, уся зямля перакапана траншэямі, абрушана выбухамі бомбаў і снарадаў. Сьвежыя трупы немцаў былі пры зброі, з майном, і нашыя мелі магчымасьць пажывіцца.

У той дзень мы паехалі на поўнач, наўздагон ворагам. Недзе ненадоўга спыніліся, пераначавалі пад дахам, а галоўнае — атрымалі папаўненьне і новую матчасьць. Гармату маю замянілі (як і ўсім) на 57-мілімэтровую супрацьтанкавую. Гэта сапраўды была добрая гармата супраць танкаў, — трапная і добра прабівала браню. Я яе сам прыстраляў — за 1 км у ствол тонкага дрэўца. Толькі думаў: вось каб такую ды раней, калі я быў у пяхоце.

Ехалі ў напрамку Секешфехервара па знаёмай дарозе. Камандзір палку спыніў калёну, загадаў камандзірам батарэй заехаць на свае былыя АП, каб забраць снарады, што не пасьпелі забраць, як адтуль нас выбілі немцы. Мы з камбатам Ахрыным паехалі на АП першай батарэі, дзе цераз дарогу ад маёй гарматы засталіся дзьве гарматы лейтэнанта Беражнога. Ягоная агнявая пазыцыя была разварочаная гусеніцамі цяжкога танка, гармата разьбітая снарадам, між станінаў ляжалі два забітыя, а на бруствэры, зьвесіўшы ногі ў ровік, ляжаў Беражны. Кішэні ягоных штаноў былі вывернутыя, ордэн зрэзаны з грудзей. Мы сьпяшаліся, але закапалі ў тым ровіку забітых, забралі снарады ў скрынках і паехалі даганяць калёну.

А якраз за дзень да нямецкага прарыву я ўзяў у Беражнога кніжку Драйзэра, ды так і не пасьпеў вярнуць.