Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 316

Васіль Быкаў

Танкі прайшлі на пераправу, нас у фальварку зусім адрэзалі. Камбрыг загадаў мне з групай салдатаў абысьці Шаманторніа збоку, пераправіцца цераз канал Шыо і зьвязацца з нашымі, што былі па той бок каналу.

З групай чалавек дванаццаць я перайшоў цераз роў, і полем мы пайшлі да каналу. Але нас тут добра бачылі з пагоркаў з-за каналу і зь цяжкіх мінамётаў пачалі абстрэл. На тым адкрытым полі я страціў трох забітымі, чатырох параненымі і зразумеў, што яшчэ на падыходах да каналу нас усіх пераб’юць. Мы ўзялі двух цяжкапараненых і вярнуліся на фальварак. Камбрыг мяне дужа аблаяў, але болей туды не пасылаў. Ён паслаў другую групу на чале зь лейтэнантам Борматавым убок да станцыі. Тыя таксама не прабіліся, але Борматаў супрацьтанкавай гранатай падарваў нямецкі танк на шашы і таксама вярнуўся.

Цераз канал рашылі прарывацца, як сьцямнее.

Нас сабралася невялікая калёна, машынаў, можа, шэсьць. Гарматы, вядома, наперадзе. Мой «студэбэкер» ішоў другім. Перад пантонным мастом на пераправе быў закрыты шлягбаўм, немец у касцы паказаў нам чырвоны кружок, хальт, маўляў. Але замест таго, каб спыніцца, пярэдні «студэбэкер» даў газу, зьбіў рэгуліроўшчыка, шлягбаўм і выскачыў на пантон. За ім астатнія. Немцы ачомаліся не адразу, абстралялі з аўтаматаў апошнія машыны, а першыя ўжо схаваліся на паваротцы, за каменнымі дамамі на вуліцы.

Мы праскочылі начное паселішча і выехалі на дарогу па той бок станцыі.

Тут камбрыг падаў каманду спыніцца.

Агнявыя пазыцыі занялі ўправа ад дарогі. Мой разьлік на краі кукурузнага поля, што займала тут схіл вышыні. Вышыня ляжала перад намі, гэта быў даволі вялікі і высокі пагорак на поўдзень ад станцыі. Зьлева ад нас была дарога і блізка за ёй пракляты канал Шыо.

Немцы былі на вышыні і за каналам.

За ноч мы як-колечы акапаліся, замаскавалі гармату. А раніцай пачаўся бой — за вышыню, на якой абаранялася нашая пяхота. Немцы ірваліся пашырыць пляцдарм. Сьпярша бамбілі іх самалёты. Лежачы ў ровіку побач з гарматай, я назіраў за іх д’ябальскай карусельлю. Высунуцца з ровіку было нельга, і за вышынёй я назіраў толькі бокам, праз адзін акуляр біноклю. Мы былі бліжэй за ўсіх ад немцаў, але дужа старанна замаскавалі гармату, і яны стралялі цераз нашыя галовы ў наш тыл.

Упартыя баі за тую вышыню працягваліся цэлы тыдзень. Некалькі разоў немцы зьбівалі з яе нашу пяхоту. Аднойчы раніцай рэшткі яе ўцяклі ў тыл, мінаючы наш разьлік. Некаторыя мае хлопцы запанікавалі: трэба ратавацца. Але я меў загад: ні кроку назад, і мусіў яго выконваць. На шчасьце, туманным ранкам немцы нас не заўважылі ў кукурузе, пад сваім носам. Увесь іх агонь быў скіраваны далей, у наш тыл. Тым іх агнём быў забіты камандзір пятай батарэі капітан Кавалёў, сьмяротна паранены камандзір палку Аўчароў, забіта нямала салдатаў. Пасьля ўначы на падмогу нам падышлі з тылу танкі, але як разьвіднела, іх папалілі «тыгры», б’ючы з-за каналу. Неяк ноччу нас прабамбілі нашыя ж «кукурузьнікі», павесілі бомбыліхтары і адбамбіліся.