Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 319

Васіль Быкаў

У гарыстай мясцовасьці танкам не было дзе разьвярнуцца, болей дзейнічала пяхота. Танкі дробнымі групамі дапамагалі. На нашым участку дзейнічала самаходная артылерыя. 76-мілімэтровыя самаходкі з брызентавым верхам. Мы іх звалі «Прашчай, Родзіна». Яно так і было. Неяк не маглі зьбіць немцаў з ваколіцаў аўстрыйскага гарадка, расстралялі ледзьве ня ўсе снарады. Пакінулі толькі па два снарады — на крайні выпадак. І тут з тылу едуць штук шэсьць самаходак, сходу кіруюць у атаку. Мы крычым: «Ашалелі ці што? Там у іх „тыгры“». — «Ні чарта! — крычаць у адказ. — Мы тыграў не баімся, самі паляўнічыя, сібіракі!». І ўсьміхаецца чарнявы такі, вусаты самаходчык у танкавым шлеме.

А пад вечар, як узялі гарадок, бачым, стаіць каля рэчкі абгарэлая самаходка, на брані якой, зьвесіўшыся, ляжыць той вусаты. З абгарэлымі вусамі.

Як заўжды пад вечар ці нават ужо ўначы занялі пазыцыі на краі поля. Наперадзе — роў, а за ровам нейкія будынкі. Абнесеныя мураванай сьцяной. Раніца выдалася ціхая, дзе немцы — нікому не вядома. На ўскраіне недалёкага паселішча быццам наша пяхота. А за ровам у тых будынках, кажуць, манастыр.

Было цікава, і я наважыўся зьбегаць, паглядзець. Сапраўды, цікава. Царква з убранствам, кельлі, калідоры.

Кляштар. Насельнікаў манастыра нікога не было, толькі іхняе майно… І тут — страляніна. Чую: страляюць танкі. Выскокваю і — куляй цераз роў да сваёй агнявой. А гарматы ўжо няма. Па ўзараным полі да дарогі бяжыць пяхота, удалечы хаваюцца апошнія машыны… Далі драпу!

Над полем джагаюць кулямётныя чэргі, людзі то падаюць, то некаторыя ўстаюць, каб бегчы зноў. І тут я бачу нашага ўпаўнаважанага СМЕРШу, капітана. Мы бяжым зь ім удвох. Але тое, што творыцца, гэта — паніка. Чаго яны пабеглі? Хто пабег першы? Хто даў каманду на адход? Гэта і яшчэ шмат што раззлаванае я крычу на бягу «асабісту», а ён толькі маўчыць. Той мой крык таксама можна палічыць як праяўленьне панікі. Але здаецца, шанцу ў нас дабегчы да дарогі па гэтай ральлі няшмат. І тое надае мне рашучасьці.

Усё ж мы дабягаем. Тут за пагорачкам мае хлопцы. Я крычу: «Чаго вы рванулі?». А мне кажуць спакойна: «Усе рванулі, ня мы адны…».

А таго капітана я пачаў усяляк пазьбягаць, каб лішні раз не трапляцца яму на вочы, бо тое, што я яму выказаў у запальчывасьці пад агнём, вельмі лёгка магло спляжыць усё маё жыцьцё.

У баях, наступленьнях мы, афіцэры, дзейнічалі аўтаномна і рэдка калі сыходзіліся разам. Хіба што ўначы, на вячэры. Размова ішла галоўным чынам пра надзённыя справы, баі. Пра начальства таксама. Але ніколі пра генэралітэт, пра тых, што сядзелі ў Маскве, таму што ў баях ніякіх генэралаў мы ня бачылі — мы толькі на сваёй скуры адчувалі «мудрасьць» іхняга камандаваньня, але гаварыць пра тое было небясьпечна. Мы ўжо ведалі, што кожны другі-трэці — сэксот. Напэўна, у кожнай батарэі ён ёсьць. Але хто — во ў чым загвоздка. І таму лепш памаўчаць.

Ноч, імжыць дожджык, сьцюдзёна. Мы занялі АП на ўскраіне паселішча. Больш-менш акапалі гарматы. Дужа хочацца спаць. А побач ладны дамок, і я пастукаў у дзьверы.