Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 315

Васіль Быкаў

Часам на батарэю прыходзіў камсорг палку. Павячэрае з камбатам, вып’е. Зойдзе на агнявыя. «Ну як вы?» Нічога.

Праверыць планы камсамольскай работы. Баявы лісток. Вельмі клапаціўся, каб гэты блянк баявога лістка быў запоўнены. І пойдзе. Канешне, у тыл, дзе болей спакойна і бліжэй начальства.

У баі мы яго ніколі ня бачылі.

Ды і што яму рабіць у баі?

Звычайна, калі была вольная часіна, я маляваў у невялічкім альбомчыку, алоўкам. Так, замалёўкі быту, партрэты-профілі салдат, пейзажы. Апошні малюнак зрабіў на гэтай агнявой. Там ён і застаўся.

Сьнег ужо растаў, поле было голае, чорнае, мы як заўжды займалі ПТОР. Перадавая пяхота была кілямэтры праз тры наперадзе. Я прачнуўся ў бліндажы на золку ад страшэннага грукату, грому, — выскачыў да гарматы, дзе ўсё раўло, і праз дым пырскалі іскры полымя. На нас накіравалі «мэсэршміты»: з кулямётаў яны стралялі па агнявых пазыцыях, запалілі скрынку з сыгнальнымі ракетамі, і тыя гарэлі, разьлятаючыся ва ўсе бакі. Уся агнявая была ў дыме. Мы кінуліся тушыць пажар, а ў той час за дарогай поўз густы танкавы грукат. Стрэлы і выбухі скаланалі зямлю ва ўсіх напрамках, цяжка было зразумець, што адбываецца. Дым і пажар на нашай агнявой, аднак, уратавалі нас, бо за той час за дарогай прайшла калёна нямецкіх танкаў, якая зьлізала зь зямлі ўсю нашую артылерыю і пяхоту. Нашая другая батарэя была па гэты бок дарогі, і яна ўцалела, хоць засталася ў тыле танкаў. Хутка Ахрын атрымаў загад камандзіра палку адыходзіць кружным маршрутам, і да гармат пад’ехалі «студэбэкеры»: мы, шалёна сьпяшаючыся, пагрузіліся.

Цэлы дзень і ноч мы выбіраліся з акружэньня, ехалі па нейкім лесе, равах; як праяжджалі адкрытую мясцовасьць, танкі расстралялі дзьве машыны з разьлікамі. Нас усё ж Бог убярог.

Ранак застаў нас на нейкім фальварку. Тут сабралася ўсё, што засталося ад палку. Мы кіравалі на пераправу, што была пад станцыяй Шыманторніа, але спазьніліся — пераправу ўжо занялі немцы.

У нас засталіся дзьве гарматы, якія паставілі ў вішаньніку па абодва бакі фальварку. У машыне-радыёстанцыі камбрыг палкоўнік Парамонаў зьвязаўся па радыё з начальствам. Перад маім разьлікам ляжаў голы, шырокі роў, за якім ішла шаша на станцыю. І на гэтай шашы і абапал раптам пайшоў танкавы натоўп — іначай ня скажаш, — можа, сотня танкаў. Усё навакол скаланалася, дрыжэла і раўло. Камандзір брыгады загадаў мне адкрыць агонь. І ў ранішняй смузе над ровам бліснуў першы трасэр. Але чаму ён пайшоў далёка за танкі — у неба? Я кінуўся да наводчыка Расцалуева, мы паправілі прыцэл, той навёў — стрэл і — снарад ударыў праз 15 мэтраў у зямлю. Гармата аказалася няспраўная. Цягаючы яе ноччу па равах і зарасьніках, мы, відаць, пашкодзілі цягі яе прыцэлу. Агонь спынілі. Зноў тое нас уратавала.