Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 318

Васіль Быкаў

Гэта быў мой другі сябра з аднолькавым прозьвішчам Беражны. Нават і імя тое ж: Мікалай. Той, першы, мой аднакашнік па вучылішчы, загінуў на 2-ім украінскім фронце.

Зрэшты, і камадзіраў батальёнаў у мяне было два па прозьвішчы Сьмірноў. Адзін загінуў, другі застаўся жывы.

Вялікіх баёў на поўнач ад Балатону ў нас не было, аж пакуль мы не паспрабавалі перарэзаць ім шлях да адступленьня.

Усю ноч нас кідалі ў розных напрамках, ехалі то па прасёлках, то па полі. Празь нейкія паселішчы і ляскі — то на поўнач, то на ўсход. Ахрын трымаў радыёсувязь з камандзірам палку, які мяняў нам напрамкі. Нарэшце пад ранак пераехалі нейкае паселішча і спыніліся. Камбат загадаў займаць агнявыя пазыцыі.

На краі сяла былі сьцірты саломы, каля адной мы і нарыхтавалі гармату. Праз прыцемак ночы ня шмат было відаць, але мы чулі нейкі гул, грукат наперадзе. Там была дарога, і па дарозе ішлі і ехалі немцы. Мы напружана чакалі сьвітаньня.

Як трохі стала відаць у прыцэл, наводчык Расцалуеў клікнуў мяне. Праз оптыку прыцэлу стала відаць у тумане суцэльная калёна: машыны, танкі, падводы і пяхота. Мы тут жа адкрылі агонь.

Камандзір гарматы Лук’янчанка сваю справу ведаў, і як толькі загарэліся два танкі, загадаў страляць асколачнымі, каб болей параніць пяхоты. Колькі хвілінаў мы малацілі іх з адлегласьці якіх 800 мэтраў, усё там гарэла, дыміла, крычала і сквірчэла. І ніякага супраціўленьня. Немцы кідалі машыны, ратаваліся пешшу. А мы іх — асколачнымі.

Як разьвіднела, бой скончыўся.

Троху пагадзя мы пайшлі на шашу паглядзець на сваю работу. Слаўная была работа, здаецца, я расплаціўся за ўсе свае няўдачы і паражэньні. І трафеяў тады ўзялі. Толькі адзін зь недабіткаў-немцаў падстрэліў нашага старшыну батарэі.

1 красавіка выйшлі на мяжу з Аўстрыяй…

Далей немцы не хацелі пускаць — завязаліся ўпартыя баі. Мы стаялі з гарматамі перад вялізнай разложыстай далінай, за якой былі немцы — танкі і пяхота. Нашая пяхота спрабавала атакаваць, ды амаль уся засталася на гэтым схіле. Прыехала нейкае начальства на «вілісах», якраз палезла на маю гармату, і генерал загадаў: гармату на прычэп і цераз даліну — на той бок. Кепская гэта была справа, але нічога не папішаш… Хоць і не хацелася гінуць у самым канцы. Прычапілі, паехалі. А немцы сыплюць мінамі, толькі шмацьцё ляціць з абодвух бартоў. Неяк праскочылі між кусьцікаў, занялі АП, пачалі акопвацца. Болей з нашых — нікога. І толькі акапаліся, з нашага боку пачалі садзіць па нас з палкавых 120-мілімэтровых мінамётаў. Так ужо яны старанна нас абклалі, што мы думалі: канец! І быў бы канец, калі б не насунулася хмарка і не шыбануў лівень. Ён нас схаваў ад зыркастых вачэй сваіх жа «самаварнікаў».

Але пакуль па нас стралялі свае, немцы нас не чапалі, хоць мы былі ў іх пад самым носам. Мабыць, не маглі зразумець, што адбываецца.

Ад венгерскай мяжы ў Аўстрыі пайшлі суцэльныя баі, кожны дзень. Немцы не хацелі аддаваць Аўстрыю, хопіць таго, што яны страцілі Венгрыю. Колькі сваіх танкавых дывізіяў яны там пакінулі. Ды й нашых там засталося нямала.