Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 314

Васіль Быкаў

У канцы студзеня мяне выпісалі са шпіталю і накіравалі ў аддзел кадраў арміі, які знаходзіўся ў Дунайварашы. Па дарозе я завітаў у ранейшы шпіталь, які ўжо быў у новым месцы пад Будапэштам, коратка пабачыўся з Галяй. Сумнае было тое спатканьне. І апошняе. У Венгрыі пад Балатонам ішлі лютыя баі, туды кідалі ўсё, што было на нашым фронце. Фронт пасьпяхова перамолваў і людскія рэсурсы.

Болей Галю я ўжо ніколі ня бачыў.

У аддзеле кадраў артылерыі мне далі накіраваньне ў 10-ю супрацьтанкавую брыгаду, якая была на фарміроўцы па той бок Дунаю. Мне гэта падабалася, бо дужа ўжо апрыкла ваяваць у пяхоце. У брыгаду я ішоў яшчэ з двума лейтэнантамі — Івановым і Ражковым. Тыя, наадварот, — былі дужа засмучаныя, бо разьлічвалі на пасады ў карпусной артылерыі — па спэцыяльнасьці. Абодва яны толькі што адбылі свой тэрмін у штурмбаце, куды трапілі як акружэнцы, што прыжыліся на Адэшчыне пасьля летняга разгрому ў 41-м годзе. Я іх супакойваў. Мне здавалася, што пасьля пяхоты горш ня можа быць. Зрэшты, для мяне і не было. У іх жа, канешне, тое прызначэньне ў супрацьтанкавую артылерыю выклікала расчараваньне.

10-я зьнішчальна-супрацьтанкавая брыгада была кінутая ў студзеньскіх баях насустрач нямецкім танкавым дывізіям пад Балатон і амаль уся там засталася. Рэшту афіцэраў і салдатаў вывелі недалёка ў тыл і там хутка папаўнялі. Нас трох разьмеркавалі па батарэях. Я трапіў у 2-ю батарэю старшага лейтэнанта Ахрына. Яшчэ ў батарэі быў лейтэнант Борматаў і лейтэнант Калегаў. Камандзір палку падпалкоўнік Аўчароў сьпярша загадаў мне зьняць маю белую кубанку, якую я сабе справіў у Сегедзе, надзець армейскую шапку. У палку (1245 ПТАП) кожны дзень ішлі заняткі, звычайная служба. Аднойчы, калі я быў у каравуле, здарыўся пажар, я тушыў яго і спаліў полы свайго шынялю. Нарэшце атрымалі гарматы 76-мм ЗІС-3, якія ня дужа былі здатныя для вайны супраць танкаў. Але я быў рады: у параўнаньні з маімі ранейшымі саракапяткамі гэтыя здаваліся сілай. У канцы лютага мы выехалі на фронт, які быў недалёка, кілямэтраў праз пяцьдзясят. Гарматы цягнулі магутныя амэрыканскія «студэбэкеры», і я дужа радаваўся.

Сьпярша займалі ПТОРы, дзе-небудзь за пяхотай, але не на перадку. Акопвалі гарматы, маскавалі і чакалі, калі будзе прарыў нямецкіх танкаў. У нашай батарэі аказалася тры гарматы, якія камбат падзяліў так: дзьве гарматы Борматаву і адну — Быкаву. (Зноў, значыць, з адной гарматай.) Але з таго я не сумаваў. У разьліку было некалькі чалавек зь Беларусі (Заходняй), а камандаваў ім старшына Лук’янчанка, стары салдат з трыма ордэнамі. Ён звыкла клапаціўся пра ўсё.

Карміліся вельмі добра, зь мясам, часьцяком і зь віном, — пра тое дбаў старшына батарэі Жараў. Калі было ціха, наведваліся ў бліжняе венгерскае паселішча, які фальварак. Вячэралі і распытвалі мадзяраў пра іх аднаасобную жытку, параўноўвалі з савецкай, калгаснай. Тое параўнаньне, вядома, было ня ў нашу карысьць. Добра, заможна і культурна жылі венгры, было даволі і хлеба, і мяса. З агародніны і садавіны нічога ў іх не прападала. Усё перапрацоўвалі і захоўвалі ў скляпах і сутарэньнях, звычайна скрозь застаўленых слоікамі, гаршкамі і бутэлькамі. Неяк сядзелі, як бамбілі фальварак, елі і пілі ў тым склепе, і хтось пажартаваў: хай бы яны (немцы) бамбілі хоць тыдзень. Харчу і пітва хапала…