Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 313

Васіль Быкаў

Доктаркі былі дзьве, маладыя жанчыны, мяне лячыла маладзейшая, ардынатар. Пасьля рэнтгену аказалася, што між фалангамі ў ране ёсьць яшчэ невялікі асколак, і яна, расьсекшы ранку, выняла яго. Яшчэ меншы асколачак, аднак, застаўся ў руцэ назаўсёды.

Гэты шпіталь быў нібы дом адпачынку, тое, што балела рука, было не ў залік. Я навучыўся ўпраўляцца адной. Прыгожы невялічкі гарадок вабіў утульнасьцю сваіх цэнтральных вулічак з фантанамі і мармуровай скульптурай. Там жа быў рэстаран, дзе нас абслугоўваў вёрткі, цыганістага выгляду, гарсон. На фасадах дамоў бялелі і чырванелі аб’явы з заклікам уступаць у венгерскую камуністычную партыю. А на гары за горадам, сярод вінаграднікаў былі вінныя сутарэньні, поўныя віна ў прастрэленых вялізных бочках. Віно па канавах цякло аж да гораду: наш брат-вызваліцель не цырымоніўся з буржуямі.

Параненыя са шпіталю пратапталі на тыя сутарэньні сваю сьцежку. Пару разоў схадзіў і я з аплеценым бутлем. Але другі раз мне не пашэньціла: у двары шпіталю мяне затрымаў нампаліт, адабраў бутлю і мой «вальтэр», якога мне было шкада і які мне неўзабаве дужа спатрэбіўся б.

Калі-нікалі мы пачалі наведваць сядзібы багацейшых мадзяраў, — проста так, дзеля знаёмства. Дзеля пачастунку. Венгры заўжды частавалі гасьцей-заваёўнікаў. Тады яшчэ яны не называлі нас вызваліцелямі.

Мы выбралі той раз прыстойны катэдж на краі гораду, зайшлі. Гаспадары адразу пасадзілі нас за столік, нарэзалі каўбас, вяндліны. Гаспадар прынёс невялічкі графінчык чагось рудога. Мы думалі, віно, і пашкадавалі, што так мала. Аднак выпіўшы па тры-чатыры чаркі, зразумелі: э, нешта ня тое… Аказалася, то быў каньяк, які я тады пакаштаваў упершыню ў жыцьці. Гаспадар, які аказаўся мясцовым банкірам, трохі гаварыў па-руску. Тады ён сказаў нам тое, што нас амаль абурыла (асабліва майго напарніка-сібірака): — Фашызм і камунізм — два канцы, адна палка.

Тое я моцна запомніў, хоць сьпярша і быў зь ім нязгодны.

У шпіталі, вядома, былі маладзенькія сёстры, а таксама параненыя вайсковыя дзяўчаты. Мне прыглянулася адна з фізыятэрапіі: статная, з кароткай стрыжкай (пасьля тыфу) бляндынка Галя, некалькі разоў я праводзіў яе са шпіталю да кватэры, дзе яна жыла. Пазнаёміўся яшчэ з Валяй, лейтэнантам мэдслужбы з нашай 4-й арміі. Зь імі і яшчэ з некалькімі параненымі афіцэрамі мы сустрэлі новы 1945 год. Выпілі трохі віна, памарылі пра будучае.

А тое будучае неўзабаве паднесла нам сюрпрыз. Адразу пасьля новага году немцы вялікімі сіламі прарвалі наш фронт. Сексард апынуўся пад пагрозай захопу. Параненыя былі ноччу паднятыя па трывозе, тых, што не маглі хадзіць, уладкавалі на які-колечы транспарт, а хадзячых адправілі сваім ходам.

Пісталет мне мой не аддалі, далі кавалерыйскую шаблю, і мы праз завею рушылі на поўдзень… Я ішоў з Галяй, разам зь яшчэ некалькімі параненымі. Тую ноч, а затым і дзень мы шмат перажылі і шмат перагаварылі. Цераз Дунай перапраўляліся пехатой па крыгах, ледзьве не патанулі. Затым сушыліся на левым беразе каля Баі, зноў ішлі і ехалі да Сегеда, куды эвакуяваўся ўвесь наш шпіталь. Там я нядоўга далечваўся…