Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 309
Васіль Быкаў
У тым доме я праляжаў з тыдзень і зразумеў (адчуў), што калі ня ўстану, дык памру. Аднойчы ўстаў, нічога ня кажучы дактарам, і, хапаючыся за хвойкі, пайшоў да майго ўзводу.
Неяк патроху расхадзіўся.
Там мяне прызначылі на ўзвод ПТА ў другі батальён. Зноў прыняў дзьве гарматы (адну ўсё тую ж, без прыцэлу), шэсьць коней — трафейных нямецкіх біцюгоў. Пачаліся заняткі, вучэньні з баявой стральбой.
Камандзірам батальёну быў (зноў!) старшы лейтэнант Сьмірноў, ня кадравы, мабілізаваны настаўнік. Жыў ён у зямлянцы зь мілай старшыной медслужбы — дзяўчынай у акулярах, што выклікала зайздрасьць і нараканьне камандзіраў рот.
Надвор’е стаяла халоднае, з восеньскімі дажджамі. Усе былі мокрыя. Начальства злавала. Чакалі і не маглі дачакацца, калі ж адправяць на фронт?
Недзе ўжо ў лістападзе перафарміроўка скончылася, дывізіі атрымалі папаўненьне. Ваенны трыбунал асудзіў двух салдат за марадзёрства і згвалтаваньне, і перад нашай адпраўкай на фронт полк быў пастроены літарай П. Усярэдзіне яе выкапалі яму і прывялі асуджаных. Зачыталі прысуд, і камэнданцкі ўзвод даў залп. Полк, аднак, прыняў тое з задавальненьнем, бо за час нашай фарміроўкі розныя блатнякі, якіх было ў дывізіі нямала, рабілі набегі на навакольныя сёлы і хутары, рабавалі і забівалі. Тым болей, што, як казалі, яны, — бандэраўцы, «чего жалеть!»…
Перад адпраўкай на фронт атрымаў кароценькае пісьмо ад Тосі. Пісала, што таксама хварэла (ножкі), была недзе ў тых жа мясьцінах — пад Луцкам. Нейкае дужа панылае было пісьмо. Здаецца, я на яго не адказаў — не было пэўнасьці, што будзе з намі, які адрас і г. д.
У лістападзе пагрузіліся ў цяплушкі і паехалі на фронт. Фронт у той час праходзіў у Югаславіі, Трансыльваніі. Цягнікі марудна везьлі нас цераз Карпаты. Часта спыняліся. Нас кармілі, як звычайна, па тылавой норме, а для коней корму ніякага не было. Коней кармілі тым, што ўдавалася раздабыць на станцыях у час прыпынкаў. Неяк салдаты назапасілі буракоў, і адна кабыла-біцюг, пераеўшы іх, здохла. На мяне пракуратура завяла справу — за падрыў баяздольнасьці войска, якое адпраўляецца на фронт. Выклікалі ў вагон трыбуналу, вялі допыт салдат ва ўзводзе. Ужо думаў, не дадуць даехаць — асудзяць. Маячыла штрафная ці штурмбат. Зноў жа быў клопат: як прыедзем, чым цягнуць гармату?
Усё ж выгрузіліся ў Ваяводзіне, каля югаслаўскага гораду Нові Сад. Салдаты раздабылі каня — проста ўкралі: адрэзалі запаснога ад румынскай фурманкі. (Румынская армія тады стала нашай саюзьніцай.) Справа мая ў пракуратуры неяк заглухла. Палкі дывізіі пехатой высоўваліся на фронт. Праходзілі паўз гарады і сёлы Югаславіі, затым Венгрыі. Назіралі жыцьцё Эўропы і не маглі ня бачыць, што жыцьцё гэта куды не такое, як у нас. Людзкае жыцьцё. Ладныя дамкі, ладныя вуліцы. І ў дамках багацей, чым дзе ў нас. І куды болей культуры, добраўпарадкаванасьці. Югаславы сустракалі нас як братоў, венгры стрымана, але ўвогуле добразычліва: венгерская армія тады ваявала поруч зь нямецкай — супраць нас. Сьнегу яшчэ не было, ішлі дажджы, ратавала на дарозе адно — плашчпалатка. Ногі заўжды былі мокрыя.