Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 308
Васіль Быкаў
На рассвете следующего дня гитлеровское командование бросило в бой несколько танков. На участке стрелкового батальона, который поддерживал лейтенант Быков, появились три вражеские машины. Быков подал команду „огонь“. Два снаряда разорвались рядом с передним танком, но тот продолжал двигаться. Грянул третий выстрел — и немецкая машина остановилась. Другие вражеские танки стали обходить горящую машину, ведя на ходу огонь по нашим орудиям.
Осколком вражеского снаряда было повреждено орудие, убит его командир сержант Лукьянченко, ранены наводчик и заряжающий. В эту трудную минуту к орудию стал Быков. Через канал ствола он навёл орудие, затем зарядил и выстрелил в приближающийся танк противника. Фашистская машина развернулась на одной гусенице и остановилась…».
Тут, аднак, ня ўсё дакладна. Прозьвішча камандзіра гарматы было іншае. Наводзіў гармату я не праз канал ствала — яе і наводзіць не было патрэбы, бо танк быў ад гарматы ў 10 метрах. Прыцэл, праўда, быў разьбіты, і мы вазілі гармату да канца 1944 году без прыцэлу. У якасьці запасной. Я так і не дачакаўся яго, бо ў сьнежні 44-га быў паранены і выбыў у шпіталь.
Але гэта — між іншым.
За той бой мяне прадставілі да ўзнагароды, якой я так і не атрымаў. Засталіся толькі паперы, якімі і пакарыстаўся былы афіцэр штабу 252-й падпалкоўнік А. Піліпенка. Што ж — дзякуй яму за гэта.
Баі працягваліся і па той бок Прута, фронт упарта каціўся на поўдзень да Бухарэсту. Я зноў застаўся без гарматаў і быў выкліканы ў штаб палку. Там начальнік штабу прапанаваў мне новую пасаду — ад’ютантам камандзіра палку. Гэтым камандзірам нядаўна стаў маёр Коваль, даволі крыклівы, нэрвовы афіцэр, пераведзены з суседняга палку, і я заўпарціўся. Тады, паколькі вольных артылерыйскіх пасадаў не было, мяне прызначылі камандзірам узводу ў роту аўтаматчыкаў. На нейкім падворку прыняў узвод — 15 чалавек, ушчэнт змораных салдатаў і двух сяржантаў. Пачаліся баявыя будні. Звычайна з раніцы мой узвод пакідалі ў рэзерве камандзіра палку. Але праз гадзіну-другую, як пачынаўся бой, ужо кідалі на які фланг, у які батальён. Бегчы трэба было пад агнём, між разрываў. Адтуль зноў беглі кудысь — паступала новая каманда: адбіць атаку, контратакаваць, перарэзаць шлях. Пад вечар ужо ня беглі, а ледзьве брылі ад зьнямогі. Праз колькі дзён нас засталося чалавек сем — на ўзвод, аддзяленьне. Неяк бегалі, адбівалі і контратакавалі. Аж пакуль і ўся дывізія не растала ў баях.
Увосень 44-га ўсю нашу 4-ю гвардзейскую армію выводзілі на перафарміроўку. Наш полк грузіўся на нейкай невялічкай румынскай станцыі. І тады я захварэў на малярыю. (Думалі, што малярыя, бо дужа трэсла.) А хутчэй за ўсё была прастуда, бо ехалі пад палаткамі на адкрытых плятформах. А ўсё ж быў кастрычнік. Пасьля Чарнавіцаў я ўжо ня мог падняцца, і мяне ўзялі ў вагон санчасьці. Там давалі нейкія таблеткі (стрэптацыд), а я хварэў. Так хворага прывезьлі ў лес пад Луцкам, дзе атабарылася дывізія. Батальёны пасяліліся ў буданах, а для санчасьці адвялі паўразбураны дом без вакон і дзьвярэй. Паслалі саломы і паклалі аднаго хворага — Быкава.