Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 307
Васіль Быкаў
У сяле за аселіцай жылі дзьве сястрычкі з малым дзеўчанём. У старэйшай, Веры, муж быў мабілізаваны ў румынскую армію, а малодшая, Оля, жыла пры ёй. Часам Оля забягала да камэнданта, маўчала, усьміхалася. Была яна прывабнай, прыгожанькай дзяўчынкай, і сэрца дваццацігадовага лейтэнанта — ня камень. Калі-нікалі Оля заставалася і да раніцы.
Пад канец таго Богам пасланага мне ў якасьці падарунку лета здарыўся кепскі выпадак, які ледзьве ня спляжыў усю маю кар’еру. І мусіць бы спляжыў, каб у канцы жніўня не пачалося наступленьне — Яса-Кішынёўская апэрацыя.
У сяло прыяжджалі ня толькі франтавыя камандзіры, але і партыйнае малдаўскае кіраўніцтва. Неяк прыехаў упаўнаважаны ЦК КП Малдавіі. Зь ім мы добра выпілі, ды аказалася мала. Віна больш не было. Тады нехта з маіх салдатаў сказаў, што трэба наведацца на хутар, магчыма, там знойдзецца.
Так і зрабілі, паехалі на фурманцы да хутару, не даяжджаючы метраў сто пайшлі сьцежкай між збажыны да падворку, і раптам на падворку ўзьнікае постаць нашага салдата, які, крычучы штось п’янае, пачынае страляць па нас з карабіну. Адна куля трапіла ў карабін таго члена ЦК, які таксама хацеў па ім стрэліць, і, разарваўшыся на ім (бо была разрыўная), выбіла вока начальніку. Хуценька на фурманцы мы павезьлі яго ў шпіталь, па дарозе дамовіўшыся сказаць начальству, што нас абстралялі немцы (можа, нямецкія разьведчыкі?). Я так і зрабіў у сваім данясеньні начштабу. Але ўсчалося сьледзтва, і хутка ўсё высьветлілася. Члена ЦК выключылі з партыі (за ашуканства партыі), а на мяне завяла справу ваенная пракуратура. Той жа капітан Травін тады сказаў словы, якія я запомніў на ўсё жыцьцё: «Хіба такое можна схаваць? Тут наогул нічога схаваць нельга». Мабыць, так. Салдата адправілі ў штрафную, а да мяне пачаў езьдзіць сьледчы, пісаць пратаколы.
У жніўні зноў пачаліся баі — прарыў нямецкай абароны, мяне адклікалі ў полк. Ранічкай мы разьвіталіся зь мілым Кашкадэнем і паехалі кудысь на захад, куды перамяшчалася ўся нашая дывізія. У абход Унген. У самім прарыве я ня ўдзельнічаў, прыбыў у батарэю крыху пазьней.
Неяк, рухаючыся з салдатамі акрай кукурузнай нівы, наскочылі на двух немцаў, якія змушаныя былі падняць рукі. Мы адабралі ў іх зброю — карабін і кулямёт «МГ-42», абшарылі кішэні. Мне дастаўся трафей — гадзіньнік у футарале і аўтаручка. Немцаў трэба было адправіць у тыл, але канваіраваць не выпадала. Тады паказаў ім, куды кіраваць, і, калі яны адышліся, даў чаргу па-над іх галовамі — каб не марудзілі.
Пачаліся баі. Пра адзін зь іх хацелася б расказаць словамі ветэрана нашай дывізіі падпалкоўніка А. Піліпенкі, якія надрукаваныя ў кнізе «Наша 252-я», што выйшла ў 1983 годзе ў Пермскім кніжным выдавецтве.
«23 августа в ходе Ясско-Кишиневской операции противник оказал сильное сопротивление его полку, наступавшему в южном направлении вдоль берега реки Прут.
Боевые порядки стрелкового батальона капитана Савченко, которому был придан взвод противотанковых орудий лейтенанта Быкова, атаковала вражеская пехота, поддержанная сильным огнём артиллерии и миномётов. Около трёх часов шёл напряжённый бой. Гитлеровцы несколько раз ходили в психическую атаку, но это им не помогло. Расчёты орудий Быкова, ведя огонь прямой наводкой, посылали снаряд за снарядом в цепи фашистов, заставляя их откатываться назад. Измотав противника, подразделения полка утром 24 августа перешли в наступление.