Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 310

Васіль Быкаў

1 сьнежня ўвайшлі ў горад Байя, што ляжаў на Дунаі, уначы прайшлі яго і сталі на беразе вялізнай ракі. Загадалі фарсіраваць. На тым беразе немцы. А шырыня ракі кілямэтра паўтара. Дажджы скончыліся, стала прымарожваць. На траве ляжала шэрань.

Паставіў сваю гармату па-над берагам. У прызначаны час пачалася страляніна. Па тым беразе біла палкавая артылерыя, дывізійная і тая, што нас падтрымлівала. Але той бераг маўчаў. Ды і ні чарта там не было відаць. Апоўначы прыходзіць камбат капітан Сьмірноў, кажа: «Што ты б’еш немаведама куды? Траціш снарады. А на тым беразе чым будзеш адбіваць танкі?». Наогул правільна, перастаў страляць. Аж прыбягае начартпалку, крычыць: «Пачаму перастаў страляць? Пачаму не падтрымліваеш пераправу?». Таксама правільна, пачаў страляць.

Той начы, аднак, пераправа аказалася няўдалай, перадавую групу, што пераправілася, немцы на беразе ўсю расстралялі. Пад ранак прыплыў адзін разьведчык — паведаміў…

На дзень нас адвялі ад ракі. Пасьля падышлі бронекацеры Дняпроўскай флатыліі, якія пачалі пагрузку на борт. Але бяз коней. Я занепакоіўся: як жа бяз коней? Але на тым беразе коней хутка раздабылі — у першым жа сяле — цягнуць гармату, і нават мне — ладную кабылку зь сядлом. Толькі сядаць на яе пакуль не было дзе — пачаліся баі.

Пачалося маруднае наступленьне па схеме: дзень ішоў агнявы бой, а ўвечары немцы недалёка адыходзілі — да наступнага сяла ці гарадка, і мы пасоўваліся за імі. Мясцовасьць сьпярша была зь лясамі і пагоркамі, пасьля пачалася раўнінная забалаць з мноствам мэліяратыўных каналаў. На палях стаяла няўбраная кукуруза, якая была для нас неблагім сховам у нашых палявых манэўрах. Кепска, што высока стаялі грунтовыя воды, і акопчык можна было выкапаць толькі да калена, далей вада. Але клаліся і ў ваду. Асабліва пад абстрэлам. А абстрэльвалі немцы заўжды здаля — артагнём, зблізку — мінамётамі і з кулямётаў.

Камбат старшы лейтэнант Ігар Сьмірноў камандаваў учэпіста, не даючы продухі. Дзе б ні былі, увечары склікаў камандзіраў рот, падводзіў вынікі, ставіў задачы. І даваў вымовы. Але ў баі ён быў усё ж у тыле, праз які кілямэтр ад ротнага ланцугу. Бліжэй за іншых да нас заўжды апынаўся яго намесьнік па страявой старшы лейтэнант Салярэнка. Гэта таксама быў крыклівы камандзір, але не такі зласьлівы, як камбат.

Стралялі мае артылерысты мала: бераглі снарады, падвозу якіх з-за Дунаю не было зусім. Праўда, пакуль што не было і нямецкіх танкаў. Затое дужа ўпарцілася нямецкая пяхота. Пад гарадком Цэцэ мы ляжалі на мокрым полі пад абстрэлам амаль суткі. Уначы рушылі: немцы пакінулі паўднёвы прыгарад, але засталіся на паўночным. Я з гарматай трохі адарваўся ад батальёну (шукалі пераезд цераз мэліярацыйны канал), а пасьля цераз горад шукаў полк. І на сьвітаньні падскочыў на маёй кабылцы пад нямецкі кулямёт. Зьнянацкая чарга зваліла кабылку пад драцяную агарожу, цераз якую я кулём пераляцеў у гарод. Гэта мяне і ўратавала. Але не кабылку.