Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 311

Васіль Быкаў

Перад тым уначы, таксама шукаючы КП батальёну, я заблудзіў. Езьдзіў-езьдзіў па палёх, цераз плянтацыі вінаграду, нідзе ня мог знайсьці сваіх. Нарэшце ўбачыў: быццам нехта акопваецца на краі вінаградніку. Але менавіта тое, што акопваўся, трохі мяне насьцярожыла, і я моўчкі, ціха ехаў туды. Блізка стаў, услухаўся, і мне стала страшна[: ] размаўлялі па-нямецку. Я павярнуў назад. Але куды было ехаць? Тады заўважыў, што кабылка ўвесь час забірае некуды ўбок, і я адпусьціў повад. Яна і прывяла мяне да КП батальёну. Дзе былі звыклыя для яе коні.

А вось як клікалі кабылку — забыўся.

Была восень, сьцены ўсіх венгерскіх паселішчаў чырванелі ад пляцёнак перцу (папрыкі), якая тут была чымсьці накшталт беларускай бульбы. Зь яе венгры (мадзяры) гатавалі безьліч страваў. Перападала і нам. Наогул, мы тут болей былі на падножным корме, якога багата было ў кожнай вёсцы, амаль у кожным двары. Як праходзілі па вясковай вуліцы, салдаты забягалі ў двары і хутка выбягалі адтуль то з боханам белага хлеба, то з кумпяком ці банкай кампоту, а то і з бутляй ці каністрай віна. На батальённую кухню па кашу ніхто не хацеў ісьці — прысылалі пісьмовы загад, бо нельга было гатаваць абед, калі не разабраны сьняданак.

А нас каля гарматы няблага карміў запасны разьлік Закірава. Там быў наш абоз і тыл. І тады думалі: добра мець гармату без прыцэлу.

На подступах да Секешфехервара, недзе ў раёне паселішча Шар-Карастур, баі сталі асабліва ўпартыя. Цэлы дзень мы біліся за ўскраіну сяла Тач, ды так і не ўзялі. На другі дзень тут паявіліся танкі і паляцелі «месэршміты», пачалі бамбіць. Пяхота пачала ўцякаць ад ускраіны ў поле. Тое я заўважыў позна, а як заўважыў, адступаць стала позна, на ўскраіну выйшлі танкі. Да таго мы не стралялі, але па бліжэйшым танку адкрылі агонь, і той спыніўся на агародзе. Праўда, не загарэўся. Скарыстаўшы момант, мы на руках адкацілі далей гармату, туды, дзе пабегла пяхота, там быў лясок. Але на паўшляху да яго ўперліся ў канал мэтраў пяць шырынёй, поўны вады. Тут і спыніліся. Я ляжаў на адкосе, назіраў за ваколіцай. І раптам як плясьне перад тварам, гразёй заляпіла вочы. Як я працёр іх крыху, убачыў перад сабой азадак снараду, што тырчэў зь зямлі. Не разарваўся, дзякаваць Богу. Танкі лупілі цераз нашы галовы па ляску.

Пад вечар, як трохі сьціхла, камандзір гарматы сяржант Сьвінцоў кажа: трэба схадзіць на КП батальёну, падаць заяўку на падбіты танк (такі быў парадак). А я быў змораны, знэрваваны, ды і танкі стралялі яшчэ. Кажу: схаджу потым.

А як пайшоў уначы дакладваць пра бой камандзіру батальёну, той, выслухаўшы, кажа: «Ну во, ужо трэці падае заяўку. На адзін танк. Я яго яшчэ раніцай аформіў на маіх мінамётчыкаў».

Так я і вярнуўся з дуляй. А Сьвінцоў кажа: «Умей падбіць, але ўмей і далажыць. У час».