Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 303
Васіль Быкаў
Мы разьвіталіся з ім у той веснавы дзень, і я пайшоў далей.
У нейкім сяле я сапраўды набрыў нарэшце на штаб арміі. Гэта, як пасьля аказалася, была 4-я гвардзейская армія. Там у аддзеле кадраў я напісаў рапарт, каб мяне залічылі ў яе, бо не магу знайсьці сваю. Ішло наступленьне, афіцэры такога рангу, як мой (камандзір узводу), былі дужа патрэбныя, і мяне накіравалі ў 252-ю СД. Выйшаўшы са штабу, я запытаў у аднаго сустрэчнага капітана, дзе шукаць 252-ю СД? Той паглядзеў на мяне, неяк перасмыкнуў тварам і паказаў у канец вуліцы: «А вунь там, дзе грукоча. Дзе надта грукоча». Сапраўды, у адным баку дужа грукатала, гэта 252-я вяла бой на плацдарме. Туды скіраваў і я.
Называецца, трапіў з агню ў полымя.
Пасьля (і вельмі хутка) я пашкадаваў, што пакарыстаўся той маёй хітрасьцю — аказалася ўсё ж, што мая дывізія выводзілася ў рэзэрв, а гэтая, 252-я, была ў самым пекле. У штабе мяне прызначылі камандзірам узводу батарэі 45 мілімэтровых гарматаў — у вучылішчы мы вывучалі супрацьтанкавую артылерыю, справа была нескладаная. У той жа дзень пад вечар мы ўжо былі ў баі. Мой узвод складаўся з аднаго разьліку (7 чал.), другі быў нядаўна разьбіты. Знаходзячыся ў баявым парадку батальёну, мы мала стралялі (галоўным чынам па кулямётах), затое паяўленьне танкаў — была ўжо нашая справа. Пакуль што, аднак, танкаў на нашым участку не было. Тым ня менш узвод нёс страты: забілі аднаго правільнага, паранілі ездавога. Пайшлі тлумныя дні — у агнявым грукаце, джганьні кулямётных чэргаў, перакопваньні зямлі (на кожнай новай пазыцыі трэба было акапаць гармату, выкапаць акоп-ровік для людзей). І, вядома, як заўжды — нэрвовасьць, лаянкі камандзіраў.
Немцы здорава супраціўляліся, але мы, зьбіўшы іх зь непадрыхтаваных, пасьпешліва занятых пазыцыяў, усё ж упарта прасоўваліся наперад.
Малдаване ў занятых сёлах нас сустракалі няблага, прыязна. Аказалася, што тут сельскае насельніцтва жыло куды лепш, чым на Украіне. Тут я ўпершыню за вайну пакаштаваў белага хлеба. Было і да хлеба. Было нават віно, якім, мінаючы сёлы, мы пасьпявалі іншы раз добра пачаставацца. Былі бедныя сем’і, што жылі на мамалызе, але ў большасьці людзей гаспадаркі былі спраўныя — якіх даўно ўжо не было ў нас — на Беларусі і Украіне, — вынішчаных вайной і калгасамі.
У баі пад Бельцамі ляснуў мой апошні разьлік, гарматы ня стала. Прамое пападаньне з танку пакарэжыла гармату, забіла трох з разьліку, астатніх параніла. Я неяк уцалеў, завалены зямлёй побач у ровіку. Але і астатнія гарматы з батарэі былі разьбітыя — адна зусім, другая пашкоджаная. Разьбіты накатнік.
Са штабу загадалі: людзей, што засталіся (12 чалавек), перадаць у стралковы батальён, на папаўненьне, а самім прыбыць на НП камандзіру палку.