Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 301
Васіль Быкаў
Зглытнуўшы крыўду, я ўстаў і, абапіраючыся на карабін, пашкандыбаў па сьнезе. За мной крокаў праз сто рушылі іншыя.
Немцы на дарозе не зьвярнулі на нас ніякай увагі — яны сьпяшаліся вырвацца зь мяшка. Я чакаў аўтаматных чэргаў з шашы, але чэргаў не было. Як пералез цераз канаву, пастаяў крыху, прапускаючы нейкія аўтамабілі-фуры. Як зьявіўся прамежак, перайшоў дарогу і з усяе сілы пашкандыбаў у стэп. З шашы ўсё не стралялі. Як я адышоўся далекавата, усчалася страляніна, я паддаў хады. Нехта адтуль бег за мной — але, падобна, гэта прарываліся нашы. Хтось застаўся на дарозе, а чалавек шэсьць даганяла мяне. Але я іх не чакаў. Я стыргікаў у ноч — далей ад шашы.
Пад ранак я і яшчэ шасьцёра з тых, што перайшлі шашу, выйшлі да нейкага сяла над рэчкай. Тут былі нашы: абозы, машыны. Мы разышліся па хатах, набітых салдатамі. Я залез пад лаўку ля парогу і, здаецца, адразу заснуў.
Прачнуўся ад жахлівай бамбёжкі, зямля трэслася, вакол усё абвальвалася і сыпалася. З хаты ўсе павыбягалі, а я ня мог канчаткова прачнуцца. Так пад той лаўкай я ператрываў дзьве ці тры бамбёжкі, а пасьля вылез. Мусіць, трэба было ратавацца.
Удвох зь нейкім салдатам у паўшубку, параненым у руку, мы распыталі, дзе тут санчасьць. Санчасьць аказалася ў хаце цераз вуліцу. Там нас перавязалі і пачалі выпісваць карткі перадавога раёну на эвакуацыю ў шпіталь.
Санчасьць, аднак, аказалася нейкай часьці танкавай арміі, і дзяўчына не хацела выпісваць яе мне, афіцэру зь невядомай дывізіі. Але тут зноў наляцелі «юнкерсы», пасыпалася гліна са сьценаў, і яна выпісала мне лісток паперы з чырвонай паласой наўкось.
Але выбірацца ў тыл было нашай праблемай — транспарту ў іх не было ніякага.
Усё ж нам пашэньціла — па дарозе імчаў «віліс» зь нейкім начальнікам, ягоны шафёр аказаўся знаёмы майму спадарожніку, той крыкнуў: «Грыша!», і «Віліс» спыніўся.
Падвечар мы апынуліся ў гарадку Александрыя, дзе быў шпіталь 5-й танкавай арміі.
(Пасьля ўжо дазнаўся, што ў тых баях загінуў Міргарад, а таксама і камбат Сьмірноў, і камандзір палку Казар’ян, і шмат-шмат нашых салдатаў і афіцэраў. Большасьць зь іх пахавана (пасьля, як растаяў сьнег) у сяле Вялікая Севярынка пад Кіраваградам.)
Шпіталь быў перапоўнены параненымі і разьмяшчаўся, як звычайна, у будынку гарадзкой школы. У кватэры дырэктара ляжалі афіцэры. Мяне паклалі другім у ложак да лейтэнанта Варашылава, танкіста. Тут увогуле былі скрозь танкісты. Рану перавязвалі, і яна гаілася. Аднак неўзабаве выйшаў кавалак косьці з галёнкі. Пачалося нагнаеньне.
Абмундзіроўку ў нас не адбіралі, можна было калі выйсьці ў горад. На базар, дзе прадавалі семкі. Іншага я за свае грошы купіць ня мог.
Часу было шмат, пасьля перавязак увечары афіцэры расказвалі пра нядаўнія баі, пра даваенную жытку. Запомніўся расказ пра рэйд 8[-га] МК у тыл да немцаў на ст. Малая Выспа, які скончыўся разгромам гэтага корпусу.