Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 304
Васіль Быкаў
Полк тым часам выйшаў на дзяржаўную мяжу ў раёне ст. Унгены і стаў. Наперадзе была вышыня, якую ён памкнуўся ўзяць, ды ня ўзяў. Праз дзень атакавалі зноў. Адзін раз уварваліся ў іхнія акопы, ды немцы ўсё ж зьбілі батальёны з вышыні, і тыя перайшлі за рэчку. Занялі абарону па схілах, кілямэтры паўтара ад вышыні. Ззаду за пяхотай на схіле быў НП камандзіра палку. КП — на другім баку схіу. Там мы і атабарыліся ў зямлянцы. Я і мой камандзір батарэі.
У спакоі хоць выспаліся. Хоць спакой быў адносны — за пагоркам грымеў бой — гэта ўсё за тую праклятую вышыню. Але то ўдзень. Уначы было больш-менш спакойна.
Настала сьвята 1 Мая. Мы з камбатам сядзелі каля цяпельца, грэліся і чакалі пасланца з суседняга палку. Справа ў тым, што ўчора камбат атрымаў новае прызначэньне — начальнікам артылерыі ў суседні стралковы полк. Гэта было павышэньне, а галоўнае — пасада-лафа, амаль штабная для 30-гадовага капітана. Ён быў узрадаваны, мы выпілі з ягонай пляшкі нямецкага шнапсу, і ён паспачуваў мне. Бо пэрспэктыва ў мяне была незайздросная — зноў стралковы батальён.
Тым часам прыехаў канавод з вольным канём на повадзе, і капітан са мной разьвітаўся. Яны рысьсю паехалі па лагчыне, дзе, аднак, дарога раздвойвалася: адна ішла ў аб’езд пагорку, па лагчыне, другая падымалася на пагорак. Шлях цераз пагорак быў карацейшы. Камбат трохі памарудзіў, відаць, разважаючы, куды падацца. І павярнуў на пагорак. Як ён выехаў на яго вяршыню, раздалося два мінныя выбухі — якраз абапал дарогі. Ён прышпорыў каня. Зноў выбухнула, накрыла коньніка пылам і дымам, а як пыл асеў, стаў відаць адзін конь. Коньніка на ім не было.
Увечары прывезьлі забітага капітана, які так і не даехаў да свае жаданай пасады.
І вось я на НП камандзіра палку, дзяжуру ноччу з разьведчыкам і тэлефаністам. Камандзір палку маёр Валошын у гэты час за пагоркам на сваім КП. Нашая задача — глядзець і слухаць. Наперадзе ўсё тая ж праклятая вышыня, перад ёй унізе рэчка і невялікае, пакінутае малдаванамі сяльцо — на нэўтральнай паласе. Трохі лявей выцягнуліся вуліцы большага сяла Багені-ноу — але тое на нямецкім баку. Удзень тут грыміць бой, але нашыя не наступаюць, выдыхліся, толькі шпурляюць мінамі — тыя і другія. Уначы ўвогуле ціха. Можна б і пакімарыць, калі б не тэлефон, які ўсё зумарыць — начальства з тылу пытаецца: што чуваць? Толькі пад ранак неяк усё сьціхае.
Тым часам мой разьведчык-назіральнік, маўклівы камлюкаваты хлопец родам з Пермскай вобласьці, заўважыў, што ўначы ў напаўразбураным сяле на нейтралцы паяўляюцца адзнакі нейкага жыцьця. Неяк ён папрасіў пусьціць яго, каб туды наведацца. Я і пусьціў. Праз нейкі час разьведчык прыйшоў і паведаміў, што ў другой ад краю мазанцы жыве малдаванін — безь сям’і, але з такой-сякой гаспадаркай. Той пачаставаў разьведчыка, які нават прынёс на НП кавалак хлеба з салам і яшчэ нешта. Мы пачалі наведвацца да таго гасьціннага малдаваніна. Хадзіў і я некалькі разоў, як было ціха, перадавая замірала — звычайна пад ранак. На НП было холадна, а ў хаце той малдаванін, не стары яшчэ мужчына, распальваў печ, лавіў на гародзе сваю ці чужую курыцу, абскубваў яе і ладзіў пачастунак. Для таго патрэбны быў час, і я бавіў яго ў цеплыні хаты. Аднойчы і задрамаў. А прачнуўся раптоўна ад страшэннага вэрхалу, што ўсчаўся з надворку — грукацелі чэргі, бахалі выбухі гранат. Ускочыўшы, я кінуўся на сваю гару, у НП, дзе ўжо надрываліся тэлефоны, трывожыліся, што здарылася і дзе начальнік НП Быкаў. Стаўся невялікі скандал, начальнік штабу вылаяў мяне, што гэтак моцна сплю, калі трэба ня спаць.