Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 305
Васіль Быкаў
На тым нашае наведваньне гасьціннага сяла скончылася. Аказалася, туды наведваліся ня толькі савецкія, але і нямецкія аматары кураціны. Нечакана спаткаліся ўначы — і адбылася бойка.
Недзе ў сярэдзіне мая мяне паклікалі з НП у штаб палку. Сказалі ўзяць рэчы, будзе іншае заданьне.
Іншае заданьне было дзіўнаватым.
Начальнік штабу капітан Травін загадаў з камандай у дванаццаць чалавек адправіцца ў недалёкае сяло Барсучэнь, эвакуяваць у тыл усіх ягоных насельнікаў і арганізаваць камэнданцкую службу. Камэндантам назначаўся малодшы лейтэнант Быкаў. Увечары мы прыйшлі ў Барсучэнь, знайшлі старшыню сельсавету. Але ніхто не хацеў кідаць гаспадарку і ехаць немаведама куды. Давялося ўгаворваць і сварыцца, і пагражаць. Але толькі назаўтра малдаване запрэглі куруцы, паскідалі ў іх якое майно і паехалі за зону эвакуацыі — праз 15 кілямэтраў ад фронту.
Нечакана я зрабіўся гаспадаром бязьлюднага сяла. Паставілі ў абодвух яго канцах шлягбаўмы, наладзілі каравул. Камэндатуру я абсталяваў у хаце псаломшчыка і вугалем вывеў на белай сьцяне «Камэндант». Галоўнай задачай было ня даць нашым войскам, якіх скрозь была процьма, разрабаваць тое, што пакінулі насельнікі. А пакінулі яны ўсе прыпасы: збожжа, кукурузу, маёмасьць і таксама віно, бочкі якога пазакопвалі ў дварах, на агародах, у хлявах. Усе харчовыя прыпасы падлягалі арганізаванай рэквізіцыі, якую ажыцьцяўлялі інтэнданцкія службы дывізіі. Езьдзілі па сёлах і ўсё вымяталі падчыстую. Але езьдзілі ня толькі службы — шныралі і байцы з розных часьцей, разьведчыкі ды іншыя. Як ні пільнавалі, яны прарываліся ўдзень і ўначы, выкочвалі бочкі віна, напіваліся, налівалі каністры і бутлі. Кожны дзень былі ў мяне сваркі і стычкі, часьцяком абодва бакі хапаліся за пісталеты. У Барсучэні, аднак, пакуль што бог мілаваў, ніхто не застрэліў нікога.
Фронт стаў у абарону, баі папрыціхлі, але войскі жылі сваім жыцьцём. Ня надта спакойным. Здаецца, у канцы мая ў Барсучэнь прыбыў армейскі інжынэрны батальён, які заняў усе пустыя хаты. Штаб яго разьмясьціўся ў хаце цераз вуліцу ад камэндатуры. Неяк наведаўшыся туды, убачыў усьмешыстую дзяўчынку ў вайсковым, яна жартаўліва загаварыла са мной, памятаю, прасіла пачаставаць арэшкамі. То была Тося, пісар гэтага штабу. Так сталася, што неўзабаве і яна завітала да мяне ў камэндатуру, пасьля мы зь ёй сустрэліся і прайшліся па вуліцы. А яшчэ праз колькі дзён мне ўжо хацелася бачыць яе штодня… Вакол было войска, салдаты, і яна ўсё часьцей забягала да мяне ў камэндатуру, вядома, увечары, як канчалася служба. Як сьціхала вёска, уначы мы гулялі зь ёй па вуліцах, сядзелі на лаўках пустых хацінаў. Побач квітнеў бэз, і мы нацалаваліся. Я ўжо кахаў Тосю — першым пакутным каханьнем. Клікалі яе ў штабе «птенчик», і я таксама так клікаў.