Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 302
Васіль Быкаў
Усе дактары былі жанчыны, сёстры — таксама. Нас, афіцэраў, даглядала вясёлая Нінка Барысава, што раздавала таблеткі глюкозы. Замест цукерак.
Здаецца, у канцы студзеня шпіталь перасоўвалі на поўнач, у раён Знамянкі. Сьнег тую зіму рана растаяў, і тыя, што былі ў валёнках, аказаліся ў незайздросным становішчы. Ішлі пехатой. Атабарыліся на нейкай жывёлагадоўчай ферме. У даўгіх аборах наслалі ля сьценаў саломы, паставілі на сярэдзіне бочкі-печы. Параненыя ляглі па абодва бакі ад праходу. Афіцэры, праўда, пасяліліся ў нейкай дамоўцы.
Каб чымсьці заняць салдатаў і сяржантаў у аборы, мяне і лейтэнанта Тавакіна прыкамандзіравалі да іх праводзіць заняткі. Кожны дзень пасьля сьняданку мы чыталі ім статуты. Слухалі, аднак, дрэнна, у моладзі былі свае інтарэсы.
Пасьля было яшчэ адно перамяшчэньне — пад ст. Цьвяткова. Там я некалькі дзён пажыў у мілай украінскай сям’і сельскіх інтэлігентаў зь дзьвюма дочкамі — студэнткай мэдінстытуту і дзесяціклясьніцай. Малодшая мяне зацікавіла, але часу на разьвіцьцё якога пачуцьця не ставала. Здаецца, у тым сяле я ўпершыню выпіў украінскай самагонкі і здорава ўпіўся. Ноччу ішоў дадому, трымаючыся плятню.
Вясной нас з Тавакіным выпісалі са шпіталю.
Гэта цэлая эпапея — даганяць фронт, які перайшоў у наступ.
Даганяць, канешне, пехатой, вясной, па гразі, раскіслым украінскім чарназёме. Кіравалі мы, вядома, у сваю армію, якая, аднак, не ішла ў адным кірунку, а ўвесь час мяняла напрамак: то на захад, то на поўнач. І наш шлях пралягаў на Шполу, Тальное, Умань, Бершадзь. Скрозь па шляхах нядаўніх баёў з разгромленымі рэшткамі нямецкага войска, чародамі спаленых машынаў на дарогах. Ішлі мы не адны, зьбіраліся ў групы такія, як мы, афіцэры, што выпісаліся са шпіталяў. Начавалі і карміліся ў сёлах — бедных, абнішчаных з калгасаў і канчаткова дабітых вайной. «Фасоля і бараболя — болей нічога няма», — казалі звычайна гаспадыні, шчырыя ўкраінкі.
На ўскраіне Бершадзі, дзе мы начавалі, жылі цыганы, і цыганка мне пагадала. Сказала, што на фронце ўсё будзе добра, што буду жанаты тройчы. Дзіўнавата тое здалося тады, але запомнілася.
Недзе пасьля аднаго начлегу я згубіў Тавакіна, далей ішоў з выпадковымі людзьмі, кампаньёнамі на адзін дзень шляху. Мы стараліся як мага хутчэй дагнаць фронт, але на гэты раз фронт набраў добры тэмп, і гэта, вядома, радавала.
Між тым настала вясна, прыгравала сонца, наўкол зелянела трава. На бяду, разваліліся мае боты, якія я абвязваў тэлефонным провадам — каб неяк ісьці. Аднойчы за гэтым заняткам мяне застала калёна войска, што ішла нам насустрач, і я цераз канаву глядзеў на стомленых, брудных салдат і афіцэраў — яшчэ ў зімовых убраньнях, кажухах, шапках, і раптам адзін старшы лейтэнант, што сядзеў на артылерыйскім перадку, мне здаўся знаёмым, і я крыкнуў яму. Ну так і ёсьць, гэта ж быў мой сусед, камандзір першага ўзводу з роты Міргарада. Мы павіталіся і загаварылі. Аказваецца, гэта ішла мая дывізія (111-я Александрыйская), якую перакідвалі на нейкі іншы ўчастак фронту. Але ў ёй — ніводнага знаёмага твару. Старшы лейтэнант сказаў, што дывізіі ўвогуле не шанцуе, камандаваньне мяняецца, наш камандзір палку маёр Казар’ян загінуў пад Севярынкай, і ён параіў мне ісьці ў аддзел кадраў якой-небудзь іншай арміі, сказаць, што не магу адшукаць сваю часьць.