Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 295

Васіль Быкаў

Як пачалося нашае наступленьне пад Сталінградам, у Саратаве трохі пацішэла. Горад быў забіты шпіталямі, дзе ня толькі лячыліся, але і паміралі параненыя. Хавалі памерлых на могілках, што месьціліся (як і нашае вучылішча) на Манастырцы. Гэта былі старыя гарадзкія могілкі, між магілаў і камянёў якіх праводзіліся нашыя заняткі. Месца ўвогуле — адкрытае, бяз дрэваў. Там жа высіўся помнік Чарнышэўскаму, купецкія ды дваранскія помнікі. У добрае надвор’е, расьсеўшыся на могілках, курсанты слухалі сваіх камандзіраў. Ці стоячы між магілаў у страі. Ледзьве ня ўся наша вайсковая навука засвойвалася намі на тых могілках. Ну, а тактыка, вядома, патрабавала прастору і праводзілася ў ваколіцах гораду, на Лысай гары, у прыгарадах, якія мы добра ўтапталі за тую зіму і лета. Страявой, вядома, займаліся на пляцы, то была ледзьве не галоўная з вайсковых навук. Таксама як і палітзаняткі. Я вучыўся ўвогуле лёгка, і калі прыйшла пара выпускных экзамэнаў, усё здаў на выдатна. Выпусьцілі з правам датэрміновага прысваеньня чарговага званьня, з фатаграфіяй выдатнікаў на вучылішчнай дошцы. Было гэта ўвосень 1943 году. Нам выдалі новыя салдацкія шынялі, кірзавыя боты, гэткія ж палявыя сумкі і залатыя пагоны з адной зорачкай малодшага лейтэнанта.

На фронт, які ад Сталінграду ўжо адкаціўся на Украіну, ехалі ў таварным цягніку, голых, непрыстасаваных вагонах. Прыстасоўвалі іх у дарозе — цягалі дошкі на нары, нейкія печкі, дровы і вугаль для іх. На дарогу мы атрымалі паёк — па кацялку мукі, трохі круп. Нейкія кансэрвы. З таго варылі суп, кашу. Ехалі з радасьцю, што набылі волю, ня будзе болей муштры, заняткаў. Было трохі трывожна за жыцьцё, але… Але аб тым стараліся дужа ня думаць. Амаль усе былі камсамольцы, толькі адзін хлопец зь Віньніцы перад выпускам уступіў у партыю. Мы кпілі зь яго: навошта? Ці камуністам загінуць лепей? Ён толькі пасьміхаўся, але не спрачаўся.

І вось недзе пад Краменчугом на Дняпры прыехалі. Баі ішлі на дняпроўскіх пляцдармах, а нас скіравалі ў франтавы рэзерв — на некалькі дзён, пакуль кадравікі разьмяркоўвалі па дывізіях. Найперш, вядома, у тых, дзе былі найбольшыя страты. Я трапіў у 111-ю стралковую дывізію. Абмяняліся хатнімі адрасамі і разьвіталіся. З многімі назаўжды.

А той віньніцкі сябра, які паступіў у партыю, быў пакінуты пры палітаддзеле арміі як інструктар па камсамольскай рабоце. Учуўшы тое, мы ўжо ня кпілі. Мы толькі падзівіліся ўласнай наіўнасьці.

Дывізія знаходзілася ў другім эшалоне, рыхтавалася да наступленьня. Толькі што ва ўпартых баях яна ўзяла горад Александрыю і атрымала назву 111-й Александрыйскай. Камандзірам 2-га стралковага батальёну, куды мяне паслалі, быў капітан Сьмірноў, нейкі дужа франтаваты па тым часе афіцэр у блішчастых хромавых ботах, што мяне зьдзівіла. Ён паслаў мяне ў роту лейтэнанта Міргарада, якога я знайшоў у нейкай адрыне, дзе ён спаў на саломе паміж сваіх салдат. Ён, як пасьля дазнаўся, быў зь ліку акружэнцаў, нядаўна вызвалены Чырвонай арміяй, адчуваў нейкую сваю правінку і камандаваў ротай надта строга. Нават празьмерна. Гэткі ж, з акружэнцаў, быў камандзір першага ўзводу старшы лейтэнант Н., але той, наадварот, зусім не камандаваў. Мне ён скардзіўся, што сам артылерыст, але во накіравалі яго ў пяхоту, тым, безумоўна, пакрыўдзіўшы. Ён падаў рапарт, ды адказу пакуль няма. А ў пяхоце жыцьцё нядоўгае.