Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 297

Васіль Быкаў

Камандзір роты замест таго, каб падаць загад і кінуцца першым, падымае над галавой лапатку. Адразу ў ёй дзьве дзіркі ад куль. Мы чакаем.

Чакае таксама камбат у недалёкай варонцы. Але ў камбата тэлефон, і нам чуваць, як ён апраўдваецца тым, мабыць, перад камандзірам палку. — Зараз, зараз падымаю ў атаку. Як толькі артылерыя перанясе агонь.

Празь дзесяць хвілінаў чуем: — Левы фланг пайшоў. Зараз падымаецца Міргарад. (А між тым ніхто яшчэ не пайшоў.)

Праз гадзіну: — Зачапіўся за ўскраіну. Вяду бой каля МТФ.

Я думаю, як жа ён будзе выкручвацца? Але выкручвацца і ня трэба было: недзе паднаціснулі суседзі, пад вечар немцы драпанулі зь сяла, і мы ўвайшлі ў яго без атакі.

Між тым увабралася ў сілу зіма, стаялі добрыя маразы. Асабліва па начах. Раніцой часьцяком выпадала шэрань, дрэвы ў сёлах, платы, быльнёг ля дарогі — усё стаяла прыбранае ў срэбра.

У такі ранак мы батальённай калёнай ішлі кудысь у абход Кіраваграду. Я даўно ўжо прызвычаіўся спаць на хадзе. Сьпіш і ідзеш. Як стануць усе — і ты спыняешся і адразу прачынаешся.

А тут я, мабыць, ішоў па ўзбочыне і не прачнуўся, як калёна спынілася. Бачыў у сьне, быццам іду нейкай алеяй, між дрэў, а наперадзе сьцяна нейкага замку і арка пад’езду. Цёмная арка, і я з трывогай набліжаюся да яе.

І тут я прачнуўся. «Куды ты прэшся?» — пытае нехта перада мной. Аказваецца, то разьведчыкі, калёна засталася ззаду. Адзін стаіць на дарозе, двое ляжаць у канаве. «Там немцы, глухі ці што?».

Трохі нават спалохаўшыся, вярнуўся назад у сваю роту. Міргарад ужо затрывожыўся. «Куды ты прапаў?» Камандзіры параіліся, і батальён павярнуў з дарогі ў стэп. А я думаў: ну і сон прысьніўся! Што б гэта ён значыў?

Сьвітанак застаў нас на ўскраіне нейкага сяла, побач былі могілкі, ямы, зь якіх сяляне, відаць, бралі пясок. Батальён разгарнуўся ланцугом на ўскраіне і залёг. Недзе наперадзе былі немцы. Але пакуль што скрозь было ціха.

Першы стрэл грымнуў як разьвіднела, і мы толькі атрымалі сьняданак. Каб зьесьці халодны пшонны суп, ускочылі ў тыя ямы на могілках. Хлябалі з аднаго кацялка ўдвох: я і мой памкамузводу Хазяінаў, пажылы ўжо чалавек, здаецца, зь Сібіры, які ваяваў ужо другі год, быў двойчы паранены. Бой, што неўзабаве пачаўся, яго мала непакоіў, непакоіла болей, што нас абдавала пяском ад выбухаў, пясок трапляў у кацялок, і Хазяінаў лаяўся: «Не дадуць зьесьці, фрыцы праклятыя…».

Немцы мэтадычна абстрэльвалі сяло, цяжкія міны ірваліся перад намі ў стэпе і ззаду — між сельскіх мазанак. Забілі там каля школы двух нашых афіцэраў. У нас пакуль што стратаў не было. Наперадзе відаць быў прыгарад Кіраваграду, ягоны шэры элеватар на гарызонце. Каля поўдня мяне выклікаў Міргарад, даў на ўзвод кулямёт (Дзегцярова), які я ня ведаў, каму ўручыць. Каго ні пытаўся, ніхто не прызнаўся, што ўмее зь яго страляць, а палова байцоў наогул мяне не разумелі, бо былі зь Сярэдняй Азіі. Тады я ўзяў кулямёт сам (ня кідаць жа зброю). Праўда, пад вечар яго забраў у мяне Хазяінаў, камусьці ўсё ж уручыў.

Абстрэльвалі сяло ўвесь дзень, і мы ляжалі пад тым абстрэлам да вечару. А як трохі пацямнела, далі каманду ўстаць і ўзяць накірунак направа, — на гару, у стэп. Ішлі па кукурузе, пасьля далучыліся да батальённай калёны і палявой дарогай рушылі кудысь у абход гораду. Страляніна сьціхла, настала ноч, у небе вісеў малады месячык, было ўвогуле сьветла на асьнежаным стэпавым прасторы. Я ішоў поруч з камандзірам першага ўзводу, ён ціха расказваў пра тыя баі, якіх я ўжо не засьпеў, пра забітых камандзіраў. Неяк паўзіраўшыся ў неба, мовіў: «А заўтра Раство, між іншым». Ага, значыць, каляды, падумаў я, і адразу думкі мае скіравалі туды, на поўнач, дзе быў дом, бацькі… Як яны там, ці жывыя? Ці будуць сьвяткаваць заўтра? Да вайны ж сьвяткавалі заўжды. Як маглі. Як дазваляла наша шматгадовая нэндза. Можа, мама сьпячэ што смачнейшае. Сястра Валя надзене навейшае (калі ёсьць), брат Міколка, мабыць, дастане свае арэхі, што назьбіраў, прыпас да калядаў. А мае каляды вось тут, у марозным стэпе.