Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 293

Васіль Быкаў

У той чыгуначнай школе ў г. Атнарску мы вучыліся на пуцейцаў. Укладка, догляд, рамонт пуці. Была сьпякотная вясна, дах над галавой, нас кармілі — што яшчэ трэба? Праца была ня лёгкая, але што ж… Працавалі, рамантавалі чыгунку Урала-Каўказскую, па якой бясконца ішлі цягнікі на захад. Адно толькі засмучала — казалі, чыгуначнікаў не бяруць на фронт. А мы хацелі на фронт. Мы жылі толькі фронтам. Лавілі ўсе чуткі адтуль, перачытвалі ўсе газэты. Найперш на гарадзкіх вітрынах. Аднойчы з тае вітрыны я дазнаўся пра жахлівую вестку — сьмерць Янкі Купалы. Такое цяжка было перажыць. Мінуў год, як я расстаўся зь Беларусьсю, і сэрца маё балела штодзень ад той ростані. Усё сьнілася яна мне[: ] бацька, нашыя рэчкіазёры, нашыя родныя алешнікі. Вакол жа ляжаў стэп, голыя вуліцы бязьлеснага гораду.

У жніўні 1942-га пачаўся прызыў 1924 году нараджэньня. Вучоба ў школе яшчэ ня скончылася, і нас не выклікалі. Але аднойчы мы з Арловым пайшлі ў ваенкамат. Запыталіся павесткі, але мы сказалі, што эвакуяваныя, і нас прызвалі. Мяне прызначылі ў вайсковае вучылішча ў Саратаў, а Лёшку, памятаю, — у Вольск. Так мы зь земляком рассталіся назаўсёды.

Праз шмат год давялося прачытаць твор А. Салжаніцына «Адзін дзень Івана Дзянісавіча», які дужа ўразіў некаторых жахам паднявольнага існаваньня, бяспраўем, нявольніцкай працай і г. д. Мяне ж ён ня ўразіў ніколькі, бо тое, што мы ў вучылішчы прымалі як нармальнае, было куды больш цяжкім і бяспраўным. Па-першае: строгі, нейкі бязмозгла-зьдзеклівы рэжым зь безьліччу яго рэгламентацыяў, абмежаваньняў, патрабаваньняў. Увесь час быў разьдзелены на гадзіны і хвіліны, усё бягом, строем, па камандзе. Жахлівая скучанасьць, казармы з трох’яруснымі нарамі, шматлюдзьдзе, беднае харчаваньне, гадзіны страявой і фізычнай падрыхтоўкі — на сьцюжы, марозе ў шынельках і чаравічках з абмоткамі. Зноў жа: нарады, праца, поўная адсутнасьць вольнага часу. І хоць мы былі людзі не расьпешчаныя, ужо трохі цёртыя вайной і жыцьцём, часам было невыносна. Невыносна пяць дзён у тыдзень тактыкі па 6 гадзінаў у полі, на сіверкім ветры, пры тэмпературы 25–30 градусаў марозу. Марозілі рукі, марозілі ногі. Дурная страявая з фінальным: «Запявай!». «Взвейтесь соколы орлами» — сьпявалі мы пасінелымі вуснамі, з даўно пустымі жыватамі. Шчасьцем былі заняткі па Статутах ці матэрыяльнай частцы зброі. Але іх было мала. Затое куды як шмат гадзінаў тактыкі, страявой, ПХЗ, інжынэрнай. Палітзаняткі былі ўзнагародай, на палітзанятках мы адсыпаліся. Асабліва мой зямляк Іваноў, у якога была адна неспатольная мара — дзе чаго паесьці.