Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 294

Васіль Быкаў

Камандзіры на той час былі асаблівыя. Мала хто зь іх рваўся на фронт, некаторыя жылі зь сем’ямі пры вучылішчы і дужа стараліся адпавядаць, дагаджаць начальству, бо тых, хто ня змог дагадзіць, адпраўлялі, каб не вярнуліся. Дужа стараўся драць з нас скуру наш камандзір узводу крыкун лейтэнант Корш, з маўклівай зласьлівасьцю патрабаваў дысцыпліны наш ротны, старшы лейтэнант Грыб (здаецца, зямляк з Гомельшчыны). Трохі інакшы быў камандзір батальёну, пажылы, ужо, мабыць, з запасу, маёр Анціпас. Іншага начальства мы мала ведалі, хіба бачылі ў часе агульнавучылішчных пастраеньняў начальніка вучылішча палкоўніка Гагунова ды ягонага намесьніка падпалкоўніка Кіма.

Добрыя адносіны склаліся ў мяне з памяркоўным, неяк не вайсковага складу характару, выкладчыкам тапаграфіі старшым лейтэнантам Рамяственскім. Тапаграфію я любіў наогул як навуку пра карту і мясцовасьць, і наш выкладчык часам пакідаў мяне ад палявых заняткаў маляваць дапаможнікі — нейкія схемы, карты. Зімой гэта было як падарунак, як усьмешка лёсу. На якіх тры гадзіны да ці пасьля абеду.

Вайсковыя заняткі займалі дзесяць гадзінаў часу — шэсьць да абеду і чатыры пасьля. Але, апроч таго кожны тыдзень былі работы — па гаспадарцы, нарыхтоўцы і транспарціроўцы дроў, дастаўцы прадуктаў. Улетку 1942-га мабыць, зь месяц капалі траншэі пад нафтагазапровад каля Альшанкі, дзе адкрылі радовішча нафты. Працавалі па 10 гадзінаў, а пасьля ўсё ж праводзілі заняткі. Жылі па ротах і батальёнах, заняткі праводзілі па ўзводах і аддзяленьнях. У нашым аддзяленьні сабраліся неблагія хлопцы, у асноўным паходжаньнем з Саратаўскай вобласьці. Камандзірам быў сяржант Лёшка Сямёнаў, родам з Аткарску. Былі яшчэ Ананьеў з Алма-Аты, Валодзя Ляўчук з Саратава, Зудзікаў. Коля Беражны быў, здаецца, з Днепрапятроўшчыны. І быў мой адзін зямляк Іваноў, беларус. Гэты слаўны і добры хлопец не хацеў вучыцца, заўжды быў галодны, і яго камандзір роты хутка адкамандзіраваў у маршавую роту, што рэгулярна фармавалася для фронту. Больш я майго земляка ніколі нідзе ня бачыў — ня чуў. Мясцовыя хлопцы, вядома, часта атрымлівалі пісьмы ад бацькоў, якія таксама часьцяком наведвалі сыноў. Я ж не атрымаў ніводнага пісьма ні ад каго, пошта мяне мінала. Можа і добра, што надта перажываць ад таго не выпадала, вольнай часіны амаль не было ніколі.

Увосень 1942-га, як немцы падышлі да Сталінграду, у блізкім ад яго Саратаве пачалося пекла. Кожную ноч горад бамбілі: зь вечару вешалі ў небе некалькі ліхтароў на парашутах і пачыналі нішчыць вайсковыя аб’екты — асабліва крэкінг (перагонка нафты) і камбайнавы завод, які вырабляў самалёты-зьнішчальнікі. Кожную ноч нас, курсантаў, накіроўвалі на гэтыя аб’екты для дзяжурства і тушэньня пажараў. На камбайнавым дык гарэць было ня надта чаму (наш абавязак быў выкочваць самалёты з разбомбленых цэхаў), а вось на крэкінгу ўсё палала, не перастаючы ні ўдзень, ні ўначы. Кожны дзень мы хавалі нашых хлопцаў, шмат згарэла бяз рэшты. Так працягвалася да позьняй восені.