Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 296

Васіль Быкаў

Пачалося наступленьне і зь ім няспынная ні ўдзень, ні ўначы калатнеча — душы і цела. Агонь і пекла, грымоцьце разрываў мін і снарадаў, кулямёты, дым, бамбёжкі нямецкай авіяцыяй праз кожныя дзьве гадзіны. Крыкі і лаянка камандзіраў ззаду за ланцугом, кулявыя чэргі вакол. Забітыя, параненыя. Свае і немцы. Звычайна ўдзень ішоў агнявы бой у стэпе, сярод засьнежанага сланечніку ці кукурузы, уначы мы некуды ішлі, беглі — то ланцугом, то паходнай калёнай праз стэп і па прасёлках. Сьпераду і збоку джгалі кулямётныя трасы, рассыпаліся веерам над галовамі. Перад сьвітаньнем коратка спыняліся па дарозе ці ў полі, старшына прыносіў у рэчмяшку мёрзлы хлеб, дзялілі па кавалку на чалавека. І, грызучы той хлеб, зноў — наперад. У абход ачагоў супраціўленьня, зьбіваючы нямецкія заслоны.

Аднойчы ўначы нешта даўгавата ішлі ў спакоі, мінаючы сёлы, праз стэп, і на сьвітаньні спыніліся на ўскраіне нейкага сяла. З галавы калёны пачуліся крыкі, лаянка.

Зацікаўлены, я прайшоў туды і ўбачыў незвычайную ў войску зьяву: нашага начальніка штабу біў палкай па галаве нейкі генэрал. Той нават не абараняўся. Пасьля генэрал садраў зь ягоных плячэй пагоны, накінуўся на нас, хто стаяў непадалёк. Я пабег да сваёй роты. Пасьля аказалася, што начштабу заблудзіў у начным стэпе і прывёў полк не туды, куды трэба было. Болей у палку мы яго ня бачылі.

Дужа даймала сьцюжа. Ногі ў ботах з адной анучкай. Пад шыняльком, праўда, аўчыная камізэлька. І салдацкія трохпалыя рукавіцы. Здорава мёрз, асабліва начамі на сьнезе. Са зброі — быў аўтамат з адным магазынам (пісталета ў артзабесьпячэньні не далі, сказалі: пакуль няма, пісталет мне аддаў пасьля паранены лейтэнант з суседняй роты). На рамяні супрацьтанкавая граната (кумулятыўная). Кірзавая сумка цераз плячо. Там трохі папер, вайсковыя статуты. (Дзівак!) Такая экіпіроўка камандзіра 2-га ўзвода малодшага лейтэнанта Быкава Васіля.

Уся вайсковая навука, якой мы набіраліся ў вучылішчы, на фронце была непатрэбна. Такое было маё самае першае ўражаньне. Тут трэба было нешта іншае, чаму нас не вучылі.

Так, мы ляжым у ланцугу на мёрзлым полі, наперадзе з ускраіны сяла лупяць нямецкія кулямёты, а паступае каманда: устаць, у атаку! Гляджу, ніхто не падымаецца.