Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 292

Васіль Быкаў

Выбраўшыся з садкоў і агародаў, я апынуўся каля лініі чыгункі. Куды бегчы, ня ведаў. Пайшоў узбоч сьцежкай, аж неўзабаве спаткаў чыгуначніка. Той адразу спыніў мяне строга: «Куды ідзеш? Куды ідзеш? Там за разьездам немцы!». Я моўчкі павярнуў у другі бок. Папытаўся, куды вядзе чыгунка. Чалавек, мусіць, здагадаўся, хто я і што мне патрэбна. «Што, адстаў ад сваіх?» — «Адстаў, ага» — «Там вашых многа пагналі ў Ваўчанск. У Ваўчанск кіруй…»

І праўда, у Ваўчанску я дагнаў сваіх. На ўскраіне гарадку ў лесе фармаваліся новыя часьці. Усе мае дакумэнты засталіся ў Белгарадзе, але тут мяне ведалі. І я сказаў, што дакумэнты згубіў. А паколькі значыўся ў агульных сьпісах, дык асаблівага клопату не было. Нас разьмеркавалі на групы. Я трапіў у нейкі інжынэрна-сапёрны батальён. Зноў нешта капалі на поўнач ад Харкава — нейкія вялізныя ямы-катлаваны. Казалі, КП для маршала Будзённага. Але наўрад ці для Будзённага. Пасьля зноў пачаўся адыход — на поўнач, на Стары Аскол, у бок Варонежу.

У Варонеж трапілі ўжо ўвосень. Дажджы, сьцюжа. І галадуха. Цягніком скіравалі нас на станцыю Гразі, дзе зноў нешта фармавалі. Але там аказалася, што 1924 год нараджэньня яшчэ не прызываўся. І нас, сямнаццацігадовых, выбракавалі. Далі, памятаю, па бохану хлебу і даведку, што эвакуяваны ў Сумскую вобласьць. Зноў сфармавалі новую калёну на чале з адным падпалкоўнікам запасу, той павёў нас на ст[анцыю] Апна. Далей апынуліся на памятнай мне станцыі Елань Калена. Гэта было якраз на 7 лістапада, у сьвята. Надта добрыя людзі заапекаваліся намі на той станцыі. І далі памыцца, і накармілі. Быццам мы былі іхнія дзеці, якіх яны чакалі. Але прабылі мы там якіх два дні. І пайшлі далей, несучы ўдзячнасьць у душах. Удзячнасьць, якая жыве і цяпер. Мусіць, усё ж рэдкая зьява ў той жорсткі час была дабрыня. Таму і запомнілася.

На зямлю ўжо лёг сьнег, як мы прытопалі на станцыю Салтыкоўка Саратаўскай вобласьці. Тут нас разьмеркавалі па сёлах. Мы зь Лёшкам Арловым (родам з Ушачы) трапілі ў калгас «Камінтэрн» — на поўдзень ад станцыірайцэнтру.

У калгасе мяне пасялілі ў сям’і камбайнёра, які з тае прычыны меў браню і не прызываўся ў войска. У яго была даволі маладжавая жонка, маленькая пяцігадовая дачушка і старая маці. Калгас даваў паёк — 5 кг проса ў месяц, зь якога трэба было рабіць пшано. Гатавалі мне асобна, кармілі таксама — перад тым, як сядаць самім, клікалі мяне. Зімой працы ў калгасе асаблівай не было, і мой асноўны занятак быў — езьдзіць з санкамі ў стэп і прывозіць дудзьдзё сланечніку — на паліва. Сьпярша, вядома, трэба было яго наламаць і перабрацца цераз два равы. Не адзін раз я сядзеў над тымі равамі ў адчаі і роспачы і думаў-думаў. Усё пра тое ж: як там на маёй зьняволенай Беларусі? Што з бацькамі? Як сястрычка Валечка і адзінаццацігадовы браток Міколка? Часам у стэп езьдзілі-хадзілі з Лёшкам, адзінаю роднай душой у той чужыне. (Пасьля прызыву ўлетку 1942 году зьнік Лёшка Арлоў бязь сьледу. Ніхто нічога ня чуў, ня ведае. Колькі я ні пытаўся…) Як да мяне ні адносіліся ў сям’і камбайнёра, усё ж я адчуваў, што чужы тут, лішні. Маладая гаспадыня амаль са мной не размаўляла, мусіць таму, што ў асноўным апекавалася мной яе сьвякроў, зь якою яны былі ў вялікай нязгодзе. Гаспадар стараўся захоўваць нэўтралітэт. Неяк пад весну мы з Алёшкам рашылі рваць когці на фронт. Вядома, тайком. Але дабраліся толькі да Рцішчава, дзе нас затрымалі і вярнулі назад. Быў, вядома, скандал. Тады ў пачатку мая мы падаліся ў чыгуначную школу ФЗН у Атнарску. На тое калгас не пярэчыў — усё роўна яму гэта пайшло ў плян.