Читать «Ралля суровая» онлайн - страница 9

Ніна Мацяш

АРАБІНЫ Ну вось, зноў арабіны адцвілі,      Шчэ ў адзін чэрвень велічна ўваходзяць. Хто я? Дзеля чаго тут, на зямлі? Нашто брыла тысячагоддзі, Пакуль, як арабіна ў лета, крок У гэтую хвіліну не зрабіла,      Якая — памылкова ці знарок?— Са сну маю свядомасць абудзіла? Лістоты й гронак вязіва шуміць Прад небам вечнае зачараванне. А я — а я ўсяго кароткі міг, Працяг у часе нечых існаванняў. Працяг іх лепшых помыслаў, відаць,      Надзея іх няздзейсненых памкненняў. Я ж чую, чую: плодная вада Упарта акрынічвае карэнне Маё; і я — за продкаў, за сябе—      Распростваю спіну, увысь цягнуся. Ідуць у задуменні, не ў журбе У песню            арабіны Беларусі. * * * Чакаю цябе. Так жаўронак світання чакае, З чужой чужаніцы дадому вярнуўшыся                                                        ўночы. Чакаю цябе. У сваім неспакоі блукаю, Які мне то памяць тваю,                         то няміласць прарочыць, Жыву без цябе, як без лесу бяроза                                     на ўзгорку — Высокая, дужая, толькі заўжды                                     ў адзіноце, Нязломная, толькі ці ведае хто,                                     як ёй горка Адной грэцца сонцам, калі гэта сонца                                     ўзыходзіць... Чакаю цябе. ЗМЯРКАННЕ Вячэрнія птахі запелі. На змену спякотнаму дню Задумнаю свежасцю спеляць Маю цішыню. І вокліч, і высвіст, і шчэбет, І рэзкі, наструнены крык. Гарыць аблачыначка ў небе, Жарынай гарыць. Яе прахалода папеліць Галінкаю не варухне... Вячэрнія птахі запелі... Як молада мне! І як мне на дзіва спакойна! Скацілася сонца ў лясок. І — не апусцела шпакоўня... Усё яшчэ збудзецца, ўсё!

ПЕРАКЛАДЫ

ЮЛІУШ СЛАВАЦКІ ГІМН

з польскай

Сумна мне, божа! У сто пераліваў Захадам граеш ты мне прамяністым, Гасіш валошкавай хваляй імклівай             Зорак агністасць... Хоць залаціш неба й мора так гожа, —             Сумна мне, божа! Голаў падняўшы, як колас нішчымны, Моўчкі стаю ў здавалёнасці ленай. Воку чужому такім ціхамірным             Здамся, напэўна. Ты толькі ведай, што сэрца трывожыць, —             Сумна мне, божа! Нібы малое, што не адпускае Маці без плачу, — я блізкі рыданню Бачыць, як сонца мне з хвалі кідае             Промень расстання. Хай яно ззянне назаўтра памножыць, —             Сумна мне, божа! Тут, над марскою бурліваю пашчай, — Сто міль ад берага, сто да другога, — Сёння буслоў цёплакрылых пабачыу             У лёце строгім. Я ж іх вітаў і над польскаю пожняй, —             Сумна мне, божа! Тое, што думаў пра смерць я так, многа, Роднага дому не ведаў гадамі, Быў як вандроўнік у цяжкіх дарогах,             Пад перунамі, Што не ўгадаць, дзе ў магілу паложаць, —             Сумна мне, божа! Помніку-стражу ніколі не ўсведчыць, Дзе будуць тлець мае белые косці. Тым, хто на могілках — па-чалавечы             Век мне зайздросціць. Прыстань мая быць спакойнай не можа, —             Сумна мне, божа! Часта дзіця на радзіме далёкай Шлях мой малітвай гарачай асвеціць. Ды не к айчыне нясе маю лодку, —             Гоніць па свеце. Мусіць, малітва мне ўжо не паможа, —             Сумна мне, божа! Гэтае неба пры сонца заходзе, Гэту раскошу вясёлкавых цудаў Новые людзі і цераз стагоддзе             Бачыць тут будуць. Пакуль не зміруся, што знікнуць                                                 я можу, —             Сумна мне, божа!