Читать «Ралля суровая» онлайн - страница 2

Ніна Мацяш

ДВА ДРЭВЫ Прыпыніцеся, дні, пачакайце! Лёт шалёны... ...Пасадзі пад акном маім, бацька, Рабіну і клёна. Я не ведаю дрэва, якое Красамоўней рабіны Мне сцвярджала б заўсёднай парою, Што нягоды любыя Можна мужнай душой адолець (Так, як маці,) І з падсечаным нават голлем Цвету не страціць. Я не ведаю дрэва, каб гэтак, Як клён, гаварыла Пра ранімасць бацькоўскага свету, Пяшчоту і сілу... Пасадзі пад акном маім, бацька, Рабіну і клёна. Век над лёсам дачкі калыхацца Санцалюбным іх кронам. * * * З якой цярплівасцю Прыладжвае бусліха Галінку крохкую ў сваё гняздо, Пакуль яна тапырыцца пакіне, Пакуль У буслянкі адзінства непаўторнае Не ўпішацца. О, як зайздросна мне майстэрству                                                гэткаму! І ў празарлівай птушкі я прашу — Хіба ж дарэмна менавіта з ёю Свае найлепшыя чаканні людзі                                                звязваюць? Прашу я: — Навучы мяне, маўклівая, На вострай, на драпежнай баране Крыўд, непапраўнасцей, няўдач, памылак Знітоўваць так — Да будня будзень — Дні мае, Каб з іх няўхільна-шэрага гнязда Умела станавіцца на крыло — Уздрыгліва, няўклюдна, неўміруча! — Як буслянятка першае тваё, Мая, Мной непрадбачаная, Радасць. Цярпенню навучы мяне, Маўклівая... ЛАЗІНКА Зусім скалела рыжая лазінка. Пад панаваннем лютаўскае белі Зялёны колер стаў амаль паданнем, Якое ледзь ліпела на краёчку Нямыслімае памяці яе. Але аднойчы варухнуўся корань — І пацяплела ўзрушана зямля, І лужынкай блакітнаю апаў, Не ўцяміўшы, што здарылася, снег. Ускрыкнула ад неспадзеву кнігаўка: Заместа зледзянелае лазінкі Ускалыхнуўся сонечны прамень! І ў воклічах уражанае птушкі То ўсмех, то недарэчнае рыданне... Як хораша разгублены ты сёння: «Чаму цяпер не раніца, а вечар?..» Так накалела рыжая лазінка... СІВІЗНА Колькі прымаразкаў было, Покуль снег упаўнерастайны... Намяцеліла, намяло. Але вочы глядзяць світальна,- Але рукі праз стому і снег Выпраменьваюць шчырасць і спогадзь; Каб запозненай, труднай вясне Не забыць да сэрца дарогу, Каб вясне яго не прамінуць, Колькі б ёй шукаць ні прыйшлося, Каб хоць што-колечкі з лепшага сну Збылося... САКАВІК Разветрыла. Глыбока растае. Капеж аркестрам струнным раскавана Тарочыць гамы веснія свае. Пад снегам толькі луг адзін схаваны. А поле— чорнае.                         Ці не таму Яно найпершым вызваляе грудзі Ад наледзі загубнай,                         што яму Цяпло сваіх далоняў дораць людзі?