Читать «Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце» онлайн - страница 26

Анатоль Астапенка

У той жа кнiзе М. Бярдзяева сказаны словы, якiя павiнны стаць класiчнымi: «Национальность не может претендовать на исключительность и универсальность, она допускает другие национальности и вступает с ними в общение. Национальность входит в иерархию ступеней бытия и должна занимать своё определённое место, она иерархически соподчинена человечеству и космосу».

1.3.2. Сучаснае азначэнне нацыяналізму

Пачаткам эпохі нацыяналізму лічыцца перыяд распаду еўрапейскіх манархій і ўсталяванне дэмакратычных інстытутаў улады, як у форме рэспублікі (Францыя), так і форме манархій, абмежаваных парламентам (Англія). Часцей за ўсё першым прыкладам з’яўлення гэтага паняцця ў сусветнай гісторыі лічыцца перыяд звязаны з Французкай рэвалюцыяй 1789–1793 г. Аднак у дэталёвым даследаванні Лія Грынфельда паказана, што Англія ХVI ст. рэальна была першай краінай, у якой народ сфармаваўся ў нацыю. Больш таго, ёсць навуковыя працы, у якіх сляды нацыяналізму знаходзяць яшчэ ў сярэднявеччы.

Большасць вучоных лічаць усё ж нацыяналізм ідэалогіяй новага часу, бо трывала гэтае паняцце замацавалася ў ХІХ ст., а ХХ ст. называюць стагоддзем нацыяналізму.

Тэорыя нацыяналізму пачала інтэнсіўна развівацца яшчэ да ІІ сусветнай вайны і ў цяперашні час мае дастаткова вялікую бібліяграфію. Даследаванні ў гэтай галіне звязаны з імёнамі такіх вядомых вучоных як Энтані Сміт, Ганс Кон, Луі Снайдэр, Джон Хатчынсон, Карлтан Хайес, Бойд Шэйфер, Эрнст Геллнер і іншыя.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што сярод іншых сусветных ідэалагічных дактрын нацыяналізм займае зараз дамінуючае становішча і адлюстроўвае найбольш моцныя палітычныя працэсы сучаснасці. Таму вывучэннне гэтай з’явы і звязаныя з ёй паняцці такія, як нацыя, нацыянальнасць, этнас і народ мае выключнае значэнне.

Тэорыя нацыяналізму распрацоўвалася да нядаўняга часу толькі заходнімі вучонымі, хаця у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. вялікія дасягненні ў гэтай галіне атрымалі выдатныя рускія рэлігійныя філосафы Мікалай Бярдзяеў, Уладзімір Салаўёў, Іван Ільін, Канстанцін Лявонцьеў, Мікалай Кляпенін і іншыя. Аднак пасля 1917 г. усе гэтыя вучоныя былі вымушаныя эмігрыраваць і працягнулі свае даследаванні за мяжой. Савецкая ж навука, калі і ўспамінала нацыяналізм, то толькі ў адмоўным кантэксце: лічылася, што гэта ідэалогія капіталістычнага свету і нацыяналізм прыраўніваўся да фашызму. Толькі пасля развалу Савецкага Саюза і ўтварэння замест яго шэрагу незалежных дзяржаў стала магчымым аб’ектыўнае вывучэнне нацыянальных працэсаў у грамадстве.

З’явіліся і адпаведныя навуковыя працы, як у Расіі (гл., напрыклад, артыкул І.Кудраўцава), так і ў іншых рэспубліках у тым ліку на Беларусі (У. Роўда, А. Астапенка). Важнай падзеяй у жыцці Беларусі была першая навуковая міжнародная канферэнцыя «Беларуская нацыянальная ідэя», што праходзіла ў красавіку 1999 г. ў Гродна.