Читать «Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце» онлайн - страница 98

Анатоль Астапенка

— Эфектыўным метадам паразумення паміж плынямі розных ідэалагічных накірункаў з’яўляецца метад, вядомы ў палітыцы пад тэрмінам «саборнасць». Саборнасць з’яўляецца першаснай формай выражэння грамадскай волі, яна антыпод партыйнасці. Улічваючы наш невялікі дослед у партыйным будаўніцтве, малую аўтарытэтнасць партый у грамадстве, менавіта саборнае вырашэнне спрэчных пытанняў набывае для Беларусі адметны сэнс.

Наколькі вядома аўтару — гэтая кніга адна з першых спроб ў Беларусі даць як мага поўны аналіз праблем нацыянальнай ідэі, нацыі і нацыяналізму і таму, безумоўна, гэтая праца будзе недасканалай, магчыма недзе і спрэчнай, але гэта непазбежна ў любой працы, тым больш у новай праблематыцы. Магчыма ў чымсці аўтар будзе і не правы, але ў кожнага навукоўца свае погляды і гэта натуральна. Сіла навукі ў тым, што яна паважае і процілеглыя погляды — галоўнае паслядоўнае і строгае абгрунтаванне сваёй канцэпцыі. Як удалося гэта аўтару судзіць чытычу.