Читать «Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце» онлайн - страница 27

Анатоль Астапенка

Да цяперашняга часу большасць гісторыкаў і філосафаў савецкіх часоў прытрымліваюцца традыйнай канцэпцыі нацыяналізму як ідэалогіі буржуазнага грамадства, як вучэння, якое заклікае да нацыянальнай варожасці і ставілі яе побач з фашызмам. Такая тэндэнцыя перманентна перайшла да савецкіх ідэолагаў яшчэ з дарэвалюцыйных часоў.

З другой паловы 80-х гадоў нашага стагоддзя пачалося пераасэнсаванне многіх ідэалагічных дактрын. Па новаму сталі будавацца адносіны да нацыянальнай ідэі, змяніўся і погляд на нацыяналізм як адмоўную з’яву. Стаў адкрыты доступ да замежных выданняў, былі перакладзены першыя кнігі замежных вучоных, дзе адпаведныя праблемы сур’ёзна прааналізаваны ў свеце сучасных палітычных працэсаў і тэндэнцый развіцця чалавецтва ў Свеце. Разгледзім найбольш істотныя аспекты праблемы нацыяналізму, якія развіваліся на Захадзе на працягу ХХ ст.

Існуе вялікая колькасць азначэнняў нацыяналізму дадзеная рознымі аўтарамі на падставе асабістых пунктаў гледжання на гэтую дактрыну. Адзін са старэйшых даследчыкаў гэтай з‘явы К. Хайес яшчэ ў 30-я гады ХХ ст. даў такое азначэнне: «Нацыяналізм — гэта вышэйшая адданасць людзей дастаткова шырокай нацыянальнасці і свядомае абгрунтаванне прыналежнасці да палітычнай нацыі агульнасцю мовы і нацыянальнай культуры». Л. Снайдэр вылучае ў сваім азначэнні групавыя адчуванні людзей, адзінства мовы, традыцый і рэлігіі.

Для народаў, якія яшчэ толькі пераходзяць на шлях нацыянальнага самавызначэння, нацыяналізм азначае найперш веру ў магчымасці свайго народа. Так, даследчыкі азіяцкага і афрыканскага нацыяналізму Рупперт Эмерсон і Рычард Котт сцвярджаюць, што нацыяналізм гэта «вера часткі вялікай групы людзей у тое, што яны складаюць палітычную супольнасць, нацыю, якая мае права на незалежную дзяржаву, гатоўнасць гэтай групы праяўляць сваёй супольнасці пераважную і выключную адданасць».

Сярод найбольш шырокіх азначэнняў трэба вылучыць фармулёўку Б. Шэйфера. Ён адзначае дзесяць атрыбутаў нацыяналізму:

1. Тэрыторыя, дзе жыве народ. Ён лічыць яе сваёй і супрацьстаіць змяншэнню яе памераў.

2. Агульная культура народа (мова, літаратура, звычаі, традыцыі).

3. Пануючыя эканамічныя і грамадскія інстытуты, за якімі стаяць эканамічныя і сацыяльныя інтарэсы насельніцтва.

4. Незалежнасць дзяржавы, ці жаданне стварыць яе.

5. Вера ў агульную гісторыю і паходжанне свайго народа.

6. Прыхільнасць да людзей сваёй нацыянальнасці.

7. Гонар за мінулыя, ці сучасныя дасягненні і агульныя перажыванні за перажытыя беды і трагічныя падзеі.

8. Абыякавасць, ці варожасць у адносінах да некаторых нацый, асабліва да былых прыгнятальнікаў.

9. Адданасць сутнасці, якая завецца нацыяй (Радзімай, Айчынай) і ўяўляе тэрыторыю, народ, культуру, спадчыну і г.д.

10. Надзея, што краіне, нацыі і індывідам у ёй забяспечана поўная бяспека і шчаслівая будучыня.

У прыведзеным азначэнні, ня гледзячы на даволі ёмкую фармулёўку, ёсць адзін істотны недахоп у восьмым пункце, які тычыцца варожасці да іншых нацый. На нашую думку, гэта не заўсёды так. Больш таго сапраўдны нацыяналізм, ўзрошчаны на хрысціянскіх каштоўнасцях, хрысціянскай любові да бліжняга не можа выклікаць варожых пачуццяў як да іншых, суседніх нацый, так і да народаў — былых прыгнятальнікаў — бо адна з хрысціянскіх запаведзей заклікае любіць і ворагаў сваіх. Ніжэй мы больш падрабязна спынімся на гэтым пытанні.